Skip to main content

Карнавал перад постам правялі ў смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла

smarhon 119 лютага ў смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла адбыўся карнавал перад постам.

Карнавал “Запусты” ладзіцца ў апошнія дні перад Вялікім постам. Гэты звычай сыходзіць сваімі каранямі ў далёкую старажытнасць ва ўсім свеце. У розных краінах ён завецца па-рознаму. Заканчваюцца “Запусты” ў аўторак напярэдадні Папяльцовай cерады.

Падчас гэтых карнавалаў людзі ладзяць маскарады з пераапрананнем, праводзяць розныя гульні, танчаць, гатуюць асаблівыя стравы. Адной з гэтых страў з’яўляюцца салодкія пончыкі.

Свята ў Смаргоні распачалося Імшой, падчас якой кс. Казімір Мурава SDB заахвоціў любіць кожнага чалавека, шукаць аздараўленння сэрца і душы, каб мець сапраўдныя адносіны з іншымі, пабудаваныя на Божай любові.

smarhon 5

Працягнулася свята ў араторыі імя св. Яна Боско пры парафіі. У яго падрыхтоўцы ўдзельнічалі таксама бацькі. Былі падрыхтаваны прыгожыя піньяты, разнастайныя прысмакі. Дзяцей чакала забаўляльная праграма з наведваннем некаторых замкаў нашай краіны: Нясвіжскага, Мірскага, Крэўскага і Лідскага.

Шукаючы золата, будуючы замкі, сустрэўшыся з Белай паннай, дзеці бавілі час весела. Было бачна, як яны хацелі пабачыць Белую панну і чакалі сюрпрызу. Асабліва спадабалася ім гульня з піньятамі, у якой таксама з задавальненнем удзельнічалі таты.

У канцы свята дзяцей сустрэў кароль з аднаго замка, які распавёў ім гісторыю ўзнікнення карнавалу і запрасіў усіх пачаставацца каралеўскімі прысмакамі.

С. Валянціна Кот FMA