З 13 па 15 лютага адбылася V Усебеларуская сустрэча маладых кансэкраваных асобаў. Гэтым разам яна прайшла ў Навагрудку пад гасцінным дахам рэкалекцыйнага дома пры парафіі св. Міхала Арханёла.
Пачаткам юбілейнай сустрэчы стала святая Імша. Ксёндз Уладзімір Марушэўскі SChr, вітаючы ўдзельнікаў, узгадаў словы Папы Бэнэдыкта XVI, сказаныя ў 2005 годзе: “Кожны з нас любімы, кожны з нас патрэбны і ніхто не лішні”. Святар заахвоціў прысутных правесці дні сустрэчы не паасобку, а ў супольнасці.
Такім чынам, сабраныя маглі разам падсілкавацца, паўдзельнічаць у майстар-класе па акцёрскім майстэрстве, прытым успомніўшы, наколькі важны позірк пры размове з іншым чалавекам, перажыць снежныя прыгоды – язду з гары, сцішыцца перад Богам на адарацыі, пасля правесці вясёлы вечар з конкурсамі, спаборніцтвамі і ўзаемадапамогай.
Другі дзень пачаўся з супольнай Ютрані і снедання. Да ўдзельнікаў завітала сястра назарэтанка Стэлла, каб падзяліцца досведам свайго манаскага жыцця, адказаць на хвалюючыя пытанні і даць некалькі парадаў моладзі. Потым у маленькіх групах удзельнікі пілі каву, што было цудоўным момантам, каб падзяліцца чымсьці важным і паслухаць таго, хто побач.
Навагрудак – гэта і гісторыя благаслаўлёных назарэтанак-мучаніц. Каб узгадаць іх жыццёвы шлях і памаліцца перад саркафагам з рэліквіямі, айцы і сёстры сабраліся ў фарным касцёле. Там жа адбылася Эўхарыстыя, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскi SDB, адказны ў беларускім епіскапаце за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця. Вечарам удзельнікі сустрэчы наведалі месца расстрэлу назарэтанак-мучаніц, дзе памаліліся Нешпары і літанію.
Гэты насычаны дзень уключаў таксама майстар-класы па базавай падтрымцы жыцця і канфлікталогіі, а завяршыўся супольным вечарам за кубкам гарбаты і спевамі.
Трэці дзень пачаўся з цэлебрацыі Эўхарыстыі. Пасля снедання сустрэча скончылася, прыйшоў момант развітання. Маладыя кансэкраваныя асобы раз’ехаліся па месцах свайго служэння, каб сведчыць словамі і ўчынкамі аб радасці паклікання да манаскага жыцця.
Кс. Павел Федаровіч MIC
Фота: с. Міхаліна Маркевіч OP, кс. Уладзімір Марушэўскі SChr