Skip to main content

Прадстаўнік Святога Айца наведае Гродна

Папа Бенедыкт XVI 16 ліпеня 2011 года прызначыў арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці Апостальскім нунцыем у Беларусі. Па прыбыцці ў Беларусь 10 кастрычніка Апостальскі нунцый наведаў асобныя дыяцэзіі. У снежні 2011 года кс. абп упершыню наведаў Гродзенскую дыяцэзію падчас аплаткавай сустрэчы святароў у Лідзе.

Як падае ў сваім паведамленні да вернікаў Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі, 3-5 лютага Апостальскі нунцый наведае Гродна. Падчас гэтага візіту кс. абп жадае яшчэ бліжэй пазнаёміцца з рэлігійным жыццём вернікаў дыяцэзіі, а асабліва горада Гродна.

Ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч у пастырскім паведамленні напісаў да сваіх вернікаў: “Вельмі Вас прашу прыбыць 5 лютага а 12 гадзіне на св. Імшу ў катэдральны касцёл. Наш горад наведае і св. Імшу для вернікаў у катэдры адправіць прадстаўнік Святога Айца арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Гэта будзе першы афіцыйны візіт пасланніка Папы і сустрэча з вернкіамі як Апостальскага нунцыя ў нашай Гродзенскай дыяцэзіі”.

Меркаваная праграма наведвання Гродна Апостальскім нунцыем Яго Эксцэленцыяй Клаўдыё Гуджэроцці:

3 лютага:
18.00 – сустрэча ў біскупа з супрацоўнікамі Дыяцэзіяльнай курыі

4 лютага:
9.30-13.45 – Наведванне парафій і святынь Гродна (катэдра, Пабрыгіцкі касцёл, Пабернардынскі касцёл, Францішканскі касцёл, святыня, якая будуецца ў мікрараёне Фолюш, новыя касцёлы на Дзевятоўцы і Вішняўцы)
15.00 – сустрэча з алюмнамі ВДС у Гродне
16.30 – сустрэча з выкладчыкамі Вышэйшай духоўнай семінарыі
18.00 – св. Імша для семінарыстаў у капліцы ВДС

5 лютага
10.00 – прэс-канферэнцыя для каталіцкіх і іншых мясцовых СМІ (акрэдытацыя па тэл. +375292802462, кс. Павел Салабуда)
11.00 – наведванне катэхетычнага інстытута і сустрэча са студэнтамі
12.00 – св. Імша на лацінскай мове ў катэдры

Для даведкі: Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці нарадзіўся 7 кастрычніка 1955 г. у г. Верона, што ў Італіі. Святарскае пасвячэнне атрымаў 29 мая 1982 г. Cкончыў факультэт Усходніх моваў і літаратуры пры Венецыянскім дзяржаўным універсітэце «Cà Foscari», а таксама атрымаў вучоную ступень магістра навукі святой літургіі пры Папскім літургічным інстытуце св. Анзэльма ў Рыме. У 1985 г. паступіў на служэнне ў Апостальскую Сталіцу ў Кангрэгацыю па справах Усходніх Касцёлаў. Да свайго прызначэння Апостальскім Нунцыем у Беларусі нёс служэнне ў Грузіі, Арменіі і Азербайджане. Арцыбіскуп Гуджэроцці быў прызначаны Апостальскім нунцыем у Беларусі 16 ліпеня 2011 года. У Беларусь прыбыў 10 кастрычніка.