Skip to main content

Кс. Віталій Дабраловіч: трэба наладжваць сістэматычную працу з валанцёрамі

У II Міжнароднай сустрэчы партнёраў “Caritas Belarus” прынялі ўдзел прадстаўнікі 9 краін. Форум, прысвечаны служэнню валанцёраў у дабрачынных арганізацыях, адбыўся ў Мінску 24-26 студзеня, на якім прысутнічалі таксама прадстаўнікі Гродзенскага дабрачыннага фонду “Карытас”.


На міжнароднай сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі “Карытас” з Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Грузіі, Францыі, Германіі, Бельгіі і Велікабрытаніі. Аб тым, што было найбольш важным на гэтай сустрэчы, расказаў старшыня Гродзенскага аддзялення каталіцкага дабрачыннага фонду “Карытас” кс. Віталій Дабраловіч:

Важней за ўсё было супольна абмеркаваць тое, як не толькі запрасіць да сябе валанцёраў, а як добра выкарыстаць іх працу ў кірунку дапамогі людзям. Каб валанцёр, калі прыйдзе да нас, мог адчуваць сябе патрэбным. Каб адначасова з гэтым у яго не склалася ўражанне, што ён тут толькі для таго, каб выканаць нейкую чорную работу, але для таго, каб быць у арганізацыі сапраўды на роўных з тымі, хто ў ёй працуе.

Як выглядае сітуацыя з валанцёрамі сёння ў гродзенскім аддзяленні “Карытас”?

Трэба прызнаць, што на сённяшні дзень у нас не наладжана сістэматычная праца з валанцёрамі. Добрыя сэрцы, якія прыйдуць паўдзельнічаць у нейкім нашым праекце, пасля адыходзяць. І зноў трэба чакаць моманту, каб з’явіліся валанцёры. Для нас важна, каб яны самі захацелі тут застацца на даўжэйшы час.

А чаму так?

Трэба прызнаць і нашу памылку. Напэўна, мы не дастаткова звяртаем увагу на важнасць працы валанцёраў у штодзённай дабрачыннай дзейнасці.

Ці плануеце Вы змяніць сітуацыю?

Планы ёсць, найперш патрэбны асобны кіраўнік для валанцёраў, які б каардынаваў іх дзейнасць. Патрэбна праграма для валанцёраў. У кожным праекце трэба ўлічаць месца для дзейнасці валанцёра. На дадзены момант усяго гэтага няма. Праўду кажучы, дагэтуль неяк не ўзнікала асаблівай патрэбы ў такой дзейнасці. Можа, было больш сродкаў, і менш людзей звярталася за дапамогай. Таксама ў нас з цяжкасцю прызвычайваюцца да таго, што хтосьці прыходзіць і працуе задарма. Хоць трэба прызнаць факт, што ў нашым аптэчным пункце “Карытас” ужо больш за 10 гадоў людзі працуюць, не атрымліваючы за гэта ні капейкі. Аднак, безумоўна, развіццё валанцёрскай дзейнасці патрэбнае.

Дабрачынная дзейнасць, якую рэалізуе “Карытас” у Беларусі, наладжана ва ўсіх дыяцэзіях і ахоплівае розныя сферы: гуманітарная дапамога, сацыяльная дапамога (аптэчныя пункты, кансультацыя псіхолагаў, мабільная сацыяльна-юрыдычная кансультацыя, бясплатныя сталовыя, арганізацыя адпачынкаў для дзяцей, дапамога дзецям з малазабяспечаных сем’яў, падтрымка бацькоў дзяцей, хворых на рак, дапамога інвалідам і г.д.).