29 студзеня ў Іўі адбыўся ХХ фестываль калядных песень “Gloria in excelsis Deo”. Яго гісторыя пачалася ў 2003 годзе, і ўжо на працягу двух дзесяцігоддзяў маштабны творчы форум збірае дзяцей і моладзь з усяго дэканату, каб праславіць Нованароджанага Збаўцу.
Фестываль пачаўся святой Імшой у інтэнцыі яго ўдзельнікаў, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, старшыня Канференцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
У гаміліі, разважаючы над урыўкам з Евангелля паводле Мацвея пра восем благаслаўленняў, біскуп адзначыў, што ў гэтых благаслаўленнях Езус абагульняе новы “запавет”, які прадстаўляе не як закон або катэгарычны прысуд, а як абяцанне і запрашэнне. Менавіта запаведзі сталі праграмай, якая дае магчымасць стаць хрысціянінам, – звярнуў увагу іерарх.
На пачатку канцэрту біскупскі вікарый па Лідскай акрузе Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Уладзімір Гуляй прачытаў прывітальнае слова біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. Іерарх падкрэсліў, што, нарадзіўшыся ў беднай бэтлеемскай стаенцы, Пан Езус становіцца салідарным з кожным без выключэння чалавекам, дае нам выразны знак, што шлях да збаўлення адкрыты для ўсіх, таксама і для бедных, пакутуючых, выключаных, малых і слабых паводле катэгорый гэтага свету.
Пастыр дыяцэзіі адзначыў, што гэтыя ўзнёслыя, вялікія праўды хрысціянскай веры цудоўна выражаюцца ў простых словах і прыгожых мелодыях незлічоных калядак і пастаралак, якімі на нашых землях верны люд шмат стагоддзяў праслаўляе Пана Бога. Гэта “дзівосная, бясцэнная спадчына веры і культуры, якую мы атрымалі ад папярэдніх пакаленняў і за захаванне якой адказныя перад тымі, якія прыйдуць пасля нас”.
“Дэканальны фестываль калядак і пастаралак “Gloria in excelsis Deo” ў Іўі – падзея вялікай каштоўнасці, бо спрыяе захаванню і памнажэнню скарбаў нашай рэлігійнай культуры. А яскравым сведчаннем вялікай запатрабаванасці культурных імпрэзаў такога кшталту з’яўляецца вялікая і пастаянна ўзрастаючая колькасць удзельнікаў фестывалю – парафіяльных гуртоў, хораў, салістаў, – як і гледачоў, якія жадаюць глыбокіх духоўных перажыванняў і ўзнёслых эстэтычных уражанняў”, – напісаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў арганізатарам, дабрадзеям і ахвярадаўцам, якія велікадушна і бескарысліва ўзялі на сябе працу падрыхтоўкі і арганізацыі фестывалю, а таксама назірання над яго паспяховым праходжаннем.
“3 усяго сэрца дзякую гарадскім і раённым уладам у Іўі, якія штогод з вялікай прыхільнасцю і зацікаўленасцю рознымі спосабамі падтрымліваюць Фестываль калядак і пастаралак. Дзякую ўсім выканаўцам, гуртам і салістам за тое, што захацелі ўзяць удзел у фестывалі і падзяліцца з аўдыторыяй сваімі талентамі і ўменнямі”, – дадаў біскуп Кашкевіч.
Старшыня беларускага епіскапату, звярнуўшыся да прысутных з прывітальным словам, заахвоціў іх праз прыгожыя хвіліны фестывалю “адкрыць для сябе таямніцу Нараджэння Хрыста і паспрабаваць згодна з ёю жыць, каб сённяшняе нялёгкае жыцце мела добрыя хвіліны, надзею і прыгажосць, якую маем разам будаваць і прасіць, каб Бог гэта благаславіў”.
Старшыня Іўеўскага раённага выканаўчага камітэту Ігар Генец, звяртаючыся да сабраных, сказаў: “У дваццаты раз адзначаем радасную падзею. Наша іўеўская зямля асаблівая. У міры і салідарнасці жывуць на ёй людзі розных канфесій. Зусім нядаўна ў гэтай зале збіраліся з нагоды 625-годдзя пасялення татар на Іўеўшчыне. А зараз святкуем дваццаты каталіцкі фестываль, які далучае да святога і духоўнага”.
У гэтым годзе “Gloria in еxcelsis Deo” сабраў каля 140 удзельнікаў з амаль усіх парафій Іўеўшчыны. Падчас канцэрту дзеці і моладзь з вялікай радасцю і энтузіязмам паказвалі свае таленты і праслаўлялі Езуса. Асаблівасцю сёлетняга фестывалю сталі не толькі музычныя нумары, але і тэатральнае выступленне. Праз увесь канцэрт перадавалася атмасфера сапраўднага сялянскага святкавання Божага Нараджэння: з куццёй і калядаваннем.
Фестываль яшчэ раз пацвердзіў, што беларуская зямля мае сапраўды здольных маладых людзей, якія жадаюць ісці ў свет з Евангеллем, з радаснай навіной аб тым, што Езус Хрыстус нарадзіўся ў беднай стаенцы, каб даць людзям збаўленне.
Два дзесяцігоддзі маленькае Іўе ў глыбіні Беларусі напаўняецца каляднымі спевамі, фестываль яднае людзей. Гэтыя два дзесяцігоддзі для некага сталі добрым успамінам і сямейным святам.
Варта спадзявацца, што яркі і незабыўны фестываль пакрочыць у трэцяе дзесяцігоддзе і збярэ яшчэ больш таленавітых дзяцей і моладзі, каб праслаўляць Нованароджанага Збаўцу.
Раман Ярмош
Фота: Раман Ярмош, Станіслаў Зянкевіч – газета “Іўеўскі край”