8 студзеня, у свята Хросту Пана, у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбыўся калядны канцэрт гурта “Kresowiacy” з Ліды.
Канцэрт калядак і пастаралак стаў своеасаблівым падарункам мясцовым вернікам і кусташу санктуарыя кс. каноніку Юрыю Бяганскаму, які ў лістападзе адзначыў 15-годдзе святарства, а ў хуткім часе адзначыць свой 40-гадовы юбілей.
Музыканты ўпрыгожылі спевам літургію, а пасля Эўхарыстыі прадставілі на канцэрце калядкі і пастаралкі – як вядомыя, так і менш папулярныя, выбраныя з багатай скарбніцы польскіх калядных песень са спеўніка кс. Яна Сядлецкага (1878 г.), які і сёння застаецца асновай для шматлікіх харавых і сольных апрацовак.
Кусташ і тракельскія парафіяне адзначаюць, што канцэрт стаў адметнаю з’явай у духоўным жыцці мясцовай святыні і вернікаў, атрымаўся сапраўды чароўным, у ім усё было гарманічна: спеў, пранікнёныя словы, вымаўленыя не столькі з акцёрскай, колькі з чалавечай шчырасцю. Як дадаюць яны, нішто так не аб’ядноўвае людзей, як музыка, а калядная музыка, да таго ж, увасабляе духоўнасць.
Артысты прыязджаюць у санктуарый з канцэртам ужо другі раз, бо вельмі любяць і шануюць Маці Божую Тракельскую.
“Kresowiacy” імкнуцца прыцягваць моладзь, адкрываць зусім юных пачынаючых аўтараў, спевакоў і музыкантаў. У шэрагах аматарскага гурта заўсёды будуць рады бачыць маладых удзельнікаў.
На заканчэнне канцэрту кс. канонік Юрый Бяганскі выказаў шчырую падзяку артыстам і гледачам. Апошнія з удзячнасцю праводзілі ўдзельнікаў дзеі авацыямі.
“Няхай ваш прыгожы спеў заўсёды будзе выразам глыбокай Божай радасці, якая жыве ў вашых сэрцах, што любяць Бога і Марыю. Прыязджайце да Маці, Яна заўсёды чакае кожнае сваё дзіця!” – сказаў артыстам святар.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі