Skip to main content

У гродзенскай катэдры біскуп Кашкевіч цэлебраваў Імшу за супакой душы Бэнэдыкта XVI

msza benedykt 20У катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне 5 студзеня, у дзень пахавання Бэнэдыкта XVI, адбылася Імша за супакой яго душы. Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Іерарх разам са шматлікімі прысутнымі – духавенствам і вернікамі – узносіў малітву аб вечным жыцці для спачылага Папы эмерыта, які кіраваў Паўсюдным Касцёлам з 2005 па 2013 год.

На пачатку Эўхарыстыі біскуп падкрэсліў, што Бэнэдыкт XVI быў чалавекам вялікай пакоры і прастаты, які пакінуў пасля сябе багатую навуковую спадчыну. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне выказаў надзею, што гэтая тэалагічная спадчына дапаможа сучаснаму свету i чалавеку будаваць жыццё згодна з навукай Езуса Хрыста, згодна з Евангеллем.

У гаміліі генеральны вікарый дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч узгадаў жыццярыс Папы эмерыта, які адышоў у вечнасць ва ўзросце 95 гадоў 31 снежня ў кляштары “Mater ecclesiae” у Ватыкане.

msza benedykt 9

На заканчэнне Імшы біскуп Гродзенскі падзякаваў усім за дар супольнай малітвы ў інтэнцыі памерлага.

“Папа Бэнэдыкт прыняў запрашэнне і вырушыў у дарогу, каб сустрэць і распазнаць Божае Дзіця”, – сказаў іерарх.

Прысутныя праспявалі малітву “Анёл Панскі”, просячы добрага Бога аб ласцы неба для Бэнэдыкта XVI.

msza benedykt 8

Бэнэдыкт XVI у гісторыі Каталіцкага Касцёла быў 265-м Папам. Таксама ён быў першым немцам на гэтай пасадзе з часоў Віктара II (1055-1057).

Узяў імя Бэнэдыкт у памяць пра “Папу міру” Бэнэдыктa XV, а таксама пра апекуна Еўропы і заснавальніка Ордэну бэнэдыктынцаў св. Бэнэдыкта з Нурсіі.

Аўтар шэрагу важных дакументаў, у тым ліку энцыклік “Deus caritas est” (пра хрысціянскую любоў, 2005 г.), “Spe salvi” (пра хрысціянскую надзею, 2007 г.) i “Caritas in veritate” (пра любоў у праўдзе, 2009 г.).

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Віктар Салдаценка