У першы дзень новага 2023 года ў струбніцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Юбілейным (Мастоўскі дэканат) адбылося благаслаўленне сем’яў.
Гэтая традыцыя звязана са святам Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа, якое адзначалася 30 снежня. Свята Святой Сям’і бярэ пачатак у яслях Хрыста ў Бэтлееме, калі пастухі і мудрацы прыйшлі пакланіцца Езусу і ўшанаваць Юзафа і Марыю.
Благаслаўленне сем’яў ці аднаўленне шлюбу – выдатная нагода для сужэнцаў успомніць момант іх шлюбу, калі яны, стоячы перад алтаром, абяцалі Богу і самім сабе захаваць любоў і вернасць да моманту, пакуль Пан не пакліча іх да вечнага жыцця.
Шэраг сем’яў парафіі вырашылі даручыць новы год Нябеснаму Айцу. Сужэнцы разам з дзецьмі падыходзілі на індывідуальную малітву, якую праводзіў пробашч кс. Генадзь Дабрук.
Вернікі спадзяюцца, што заступніцкая малітва святара, шчырая малітва сужэнцаў адно за аднаго і жаданне перажыць яшчэ адзін год у згодзе, шчасці і любові дапаможа ўсім сямейным парам гэтай парафіі годна выконваць служэнне, да якога іх паклікаў Бог.
Ірына Рагацэвіч