28 снежня ў Гродне адбыўся калядны турнір па міні-футболе сярод каталіцкіх парафій горада і іншых месцаў Беларусі.
Мерапрыемства, арганізатарам якога быў кс. Артур Малафей, адказны за душпастырства спорту і фізічнага выхавання ў Гродзенскай дыяцэзіі, распачалося святой Імшой у капліцы парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля.
Літургію цэлебраваў а. Віктар Бохан СSsR. У гаміліі ён нагадаў пра свята немаўлят, мучанікаў, якое адзначае ў гэты дзень Касцёл, і заўважыў, што яно схіляе да разважання над чалавечымі планамі і амбіцыямі. “За імі лёгка забыцца пра годнасць і вартасць чалавека. Можна стацца падобнымі да Ірада і ісці да мэты нават па “трупах”, або захоўваць у жыцці спартыўны прынцып “Fair Play”, які дазваляе нам нават пры найбольш эмацыйных спаборніцтвах шанаваць свайго бліжняга”, – сказаў святар.
Сярод важных гасцей варта зазначыць прысутнасць на Імшы і на працягу турніру прафесійнага футбаліста з клуба “Алімпія Эльблёнг” (Другая ліга Польшчы) Яна Сянкевіча, які паходзіць з Гродна. Ён вызначаў па выніках турніру лепшых гульцоў у камандах і ўзнагароджваў іх.
Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі ў духу вялікай радасці падзяліліся аплаткамі, пачаставаліся гарбатай і слодычамі.
У спаборніцтвах удзельнічалі каманды 8 парафій. Падчас спаборніцтваў на пляцоўцы панавала вельмі цёплая і радасная атмасфера. Смачны пасілак дадаў сіл удзельнікам.
Матчы праходзілі ў бескапраміснай спартыўнай барацьбе.
Усе ўдзельнікі атрымалі падарункі ад арганізатараў.
1-е месца на турніры заняла каманда-зборная Баранавіч (парафіі Маці Божай Фацімскай, св. Яна Паўла II, Божай Міласэрнасці і Маці Божай Вастрабрамскай, Узвышэння Святога Крыжа).
Вынікі:
1. Баранавічы (каманда-зборная некалькіх парафій)
2. парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Германішках
3. парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка)
4. парафія святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Воранаве
5. парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім
6. парафія Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец)
7. парафія св. айца Піо ў Гродне
8. парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (Паўднёвы)
Узнагароду “Fair Play”, “Прыз глядацкіх сімпатый” і спецыяльны кубак атрымала каманда гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Таксама была вызначана намінацыя “Лепшы гулец” у кожнай камандзе. Усе лепшыя гульцы атрымалі падарункі ад арганізатараў.
Тэрэса Раманчук
Фота: Даніэль Ліс