Божае Нараджэнне ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе прайшло адметным чынам. Толькі на Імшы пастэрцы апоўначы сабралася каля паўтары тысячы чалавек. Яшчэ адна важная для парафіі падзея адбылася на Эўхарыстыі 25 снежня – былі ўстаноўлены кандыдаты ў міністранты.
Урачысты абрад устанаўлення кандыдатаў у літургічную службу алтара ўзначаліў пробашч парафіі кс. Руслан Мазан. На пачатку душпастыр міністрантаў кс. Андрэй Белаблоцкі назваў пробашчу імя кожнага з юнакоў і заверыў яго ў іх належнай падрыхтоўцы.
Кандыдатам былі ўручаны благаслаўленыя палярынкі, якія яны некаторы час перад прыняццем у міністранты будуць надзяваць на плечы.
Кандыдатамі ў міністранты сталі 20 хлопцаў. Цяпер літургічная служба алтара парафіі налічвае 100 чалавек.
Падрыхтоўка кандыдатаў працягваецца амаль увесь навучальны год. За гэты час яны праходзяць курс тэарэтычных і практычных заняткаў, удзельнічаюць у міністранцкіх днях засяроджання, ладзяць інтэграцыйныя сустрэчы.
Заканчэннем фармацыі кандыдатаў стане ўрачыстасць іх прыняцця ў міністранты і ўручэнне комжаў. Пасля гэтага адбываецца сталая фармацыя міністрантаў.
Дыякан Андрэй Юхнік