23 снежня на гарадской плошчы ў Навагрудку была ўрачыста адкрыта жывая батлейка. Ініцыятыва адкрыцця належала гарадскім уладам на чале са старшынёй Навагрудскага райвыканкама Сяргеем Чаркоўскім і навагрудскай парафіі св. Арханёла Міхала.
Адкрыццё батлейкі распачалося Эўхарыстыяй у касцёле св. Арханёла Міхала, якую аздобіў спевам хор Гродзенскай дыяцэзіі “Cantate Domino”. Пасля Імшы вернікі накіраваліся на гарадскую плошчу, дзе навагрудскай моладдзю разам з мастацкім кіраўніком Галінай Таўлуй была прадстаўлена калядная пастаноўка. Музычнае суправаджэнне пастаноўкі ажыццяўляў дыяцэзіяльны хор.
Прывітальнае слова на адкрыццё батлейкі прамовілі старшыня райвыканкама і пробашч парафіі кс. Юрый Жэгарын.
У гэтай батлейцы галоўным героем з’яўляецца вослік, сярод іншых жывёл ёсць авечкі, ягняты, баранчыкі і козы. Каля батлейкі ладзяцца калядны кірмаш і атракцыёны. Вялікай цікавасцю яна карыстаецца ў дзяцей.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Ірына Варкулевіч