21 снежня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыўся вігілійны вечар. Перш чым раз’ехацца святкаваць Божае Нараджэнне ў сваіх парафіяльных супольнасцях і сярод блізкіх, семінарысты сабраліся на традыцыйнай аплаткавай сустрэчы.
Прысутнічала кіраўніцтва семінарыі, выкладчыкі, свецкія супрацоўнікі і тыя, хто працаваў у ёй раней. У ліку прысутных быў і біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Сустрэча была для ўдзельнікаў нагодай пабыць разам, праспяваць калядкі ў гонар нараджэння Езуса. Рэктар семінарыі кс. канонік Віталій Вайцяхоўскі ўзгадаў у сваім слове святой памяці кс. прэлата Ежы Лявінскага, якога сёлета ўжо не было за вігілійным сталом і які раней таксама заўсёды спяваў на такіх сустрэчах старыя калядкі.
На наступны дзень семінарысты вырушылі дадому. У святочны час яны будуць дапамагаць у служэнні ў сваіх родных парафіях.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі