12 снежня ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім) адбылася аплаткавая сустрэча законных сясцёр, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
У праграме сустрэчы былі канферэнцыя, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, а таксама магчымасць прыступіць да споведзі.
Галоўным пунктам сустрэчы была святая Імша, якую ў інтэнцыі законных сясцёр цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У гаміліі кс. Юрый Кузьміч, дэкан Шчучынскага дэканату і пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары, заахвоціў прысутных быць духоўна моцнымі, каб перадаваць Хрыста іншым.
Пасля Эўхарыстыі аплаткавая сустрэча працягвалася ў доме сясцёр Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанак). Падчас сустрэчы біскуп Кашкевіч падзякаваў законніцам за штодзённае служэнне ў Касцёле на Гродзеншчыне, асабліва за катэхізацыю дзяцей і моладзі.
Таксама іерарх выказаў ім віншаванні з нагоды блізкіх святаў Божага Нараджэння і Новага года. Ён пажадаў сёстрам, каб іх штодзённае служэнне ў тых месцах, куды яны былі накіраваны сваімі настаяцелямі, прыносіла ім радасць і пачуццё рэалізацыі свайго жыццёвага паклікання.
Затым усе прысутныя падзяліліся аплаткамі і павіншавалі адзін аднаго.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі