20 лістапада, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, у араторыі св. Яна Боско пры парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні адбылося свята Хрыста Валадара для дзяцей.
Свята распачалося Эўхарыстыяй. Падчас яе кс. Міхаіл Радзевіч SDB асаблівым чынам звярнуў увагу, што Божае Валадарства трывае таму, што Бог любіць сваіх дзяцей, і што кожны павінен імкнуцца адкрыць сваё сэрца для Езуса, каб Ён быў Валадаром нашага жыцця.
Пасля Імшы дзеці накіраваліся ў араторый. У межах святочнай праграмы яны змаглі сустрэцца з цікавымі героямі, якія спрабавалі даказаць, хто з іх лепшы і хто сапраўдны кароль.
Для ўдзельнікаў было падрыхтавана шмат цікавых гульняў і забаўляльных момантаў. Асабліва спадабалася дзецям гульня “Гэты спеў для цара”.
Адзін з герояў падзяліўся з дзецьмі смачнымі пладамі і расказаў пра дары, якія можна знайсці ў агародзе і садзе і ў якіх шмат вітамінаў. Дзеці з радасцю разглядалі і з вялікім захапленнем атрымоўвалі восеньскія дары.
На заканчэнне свята дзеці мелі магчымасць “увайсці ў Божае валадарства” і пачуць слоўка. У слоўцы было падкрэслена, што Валадарства Пана павінна ўзрастаць сярод нас там, дзе мы прабываем – у школе, у сем’ях, сярод сяброў, – і кожны павінен змагацца за тое, каб Божыя справы перамагалі ў жыцці.
Пасля слоўка прысутных чакалі агульны фотаздымак і салодкі пачастунак.
С. Валянціна Кот FMA