16 лістапада, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, у парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ражанцы (Шчучынскі дэканат) адзначалася адпустовая ўрачыстасць.
У галоўным алтары гістарычнай парафіяльнай святыні знаходзіцца абраз Маці Божай Вастрабрамскай, да якой вернікі звяртаюцца з просьбамі.
Адпустовую Імшу цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Таксама на гэтай Эўхарыстыі пробашч парафіі кс. Юрый Фядук дзякаваў Богу за 25 гадоў святарскага жыцця. На літургіі сабраліся шматлікія парафіяне, госці, святары са Шчучынскага дэканату і іншых месцаў.
У гаміліі біскуп Кашкевіч прапанаваў паразважаць над незвычайна багатым і глыбокім у тэалагічным сэнсе значэннем тытулу “Маці Міласэрнасці”.
Іерарх звярнуў увагу на тое, што Панна Марыя лепш за ўсіх у свеце ведае таямніцы Божай міласэрнасці, ведае, колькі яна каштавала і наколькі яна вялікая.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што гэтыя незвычайна глыбокія веды Марыі пра Божую міласэрнасць засноўваюцца на двух фактах. Па-першае, Яна сама выключным чынам спазнала міласэрнасць, будучы захаванай ад першароднага граху і адоранай паўнатой ласкі, каб стаць Маці Сына Божага. Па-другое, Марыя – Маці Міласэрнасці, бо праз Яе матчына пасрэдніцтва на свет пастаянна сыходзіць Божая міласэрнасць у выглядзе незлічоных ласкаў і дароў.
“З’яднанне Марыі з Богам – дар не толькі для Яе, але і для нас усіх. Найсвяцейшая Маці, якая на сабе спазнала бязмернасць Божай міласэрнасці, з’яўляецца Пасрэдніцай міласэрнасці для ўсяго свету”, – дадаў біскуп.
Іерарх заахвоціў усіх прысутных уключыцца ў падзяку асобе і служэнню пробашча парафіі ксяндза Юрыя ў яго сярэбраны юбілей святарства.
Біскуп пажадаў юбіляру, каб Божае благаслаўленне нястомна спадарожнічала яму на шляху святарскага служэння, a Маці Міласэрнасці штодзённа захоўвала яго ў сваёй апецы.
На заканчэнне Імшы парафіяне падзякавалі біскупу за візіт да іх і за супольную малітву. Таксама яны выказалі віншаванні свайму душпастыру, падзякаваўшы яму за адданае і ахвярнае служэнне ў парафіі.
Пробашч у канцы ўрачыстасці выказаў усім прысутным удзячнасць за тое, што яны захацелі далучыцца да гэтай святочнай сустрэчы, і за малітвы, якімі атулілі яго ў гэты дзень.
Ксёндз Юрый Фядук паходзіць з парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску.
Прэзбітэрскае пасвячэнне ўдзяліў яму 12 кастрычніка 1997 г. у катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне біскуп Аляксандр Кашкевіч.
З 2010 г. з’яўляецца пробашчам парафіі святых aпосталаў Пятра і Паўла ў Ражанцы (Шчучынскі дэканат).
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Людміла Казлова