У нядзелю 13 лістапада ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася святая Імша з нагоды 30-годдзя з часу ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам.
Дыпламатычныя адносіны былі ўсталяваныя 11 лістапада 1992 года.
У пятніцу 11 лістапада ў Апостальскай нунцыятуры ў Мінску прайшло ўрачыстае мерапрыемства з гэтай нагоды, у межах якога адбылося гашэнне маркі пошты Беларусі, прысвечанай гэтай падзеі. У мерапрыемстве прыняў удзел таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Як паведамляе catholic.by, на нядзельнай літургіі ў мінскай катэдры ў 30-ю гадавіну афіцыйных адносін паміж Беларуссю і Святым Пасадам удзельнікі дзякавалі Богу за плён гэтых трох дзесяцігоддзяў. Яны асаблівым чынам атулілі малітваю Святога Айца, малітоўна падтрымліваючы яго інтэнцыі, просячы Бога аб далейшым развіцці адносін паміж нашай краінай і наступнікам святога Пятра дзеля дабра мясцовага Касцёла і ўсяго беларускага народа.
Ва ўрачыстай Эўхарыстыі ўзялі ўдзел іерархі Касцёла на Беларусі на чале з кіраўніком беларускага каталіцкага епіскапату біскупам Алегам Буткевічам. У ліку прысутных былі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, святары, кансэкраваныя асобы, шматлікія вернікі. Узначаліў цэлебрацыю Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч.
У гаміліі прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне спачатку заахвоціў прысутных «аддаць хвалу Усемагутнаму Богу, дзякуючы за тое, што атрымаў Каталіцкі Касцёл у гэты перыяд аднаўлення сваіх структур пасля гадоў атэізму і камунізму».
Нунцый адзначыў, што насамрэч адносіны Святога Пасаду з Беларуссю значна даўжэйшыя за 30 гадоў і «сягаюць ажно ў Х стагоддзе, калі гэтая краіна пазнала і прыняла хрысціянства, яшчэ да падзелу на праваслаўны Усход і каталіцкі Захад».
«Дзякуючы святым місіянерам, братам-славянам Кірылу і Мятоду і іх паслядоўнікам, беларуская зямля прыняла слова Божае і засталася ў поўнай касцёльнай еднасці з Касцёлам Рыма і з Рымскім Пантыфікам аж да нашых часоў», — падкрэсліў іерарх, дадаўшы, што «на працягу стагоддзяў гэтая моцная сувязь з катэдрай святога Пятра натхняла многія пакаленні беларускіх католікаў вызнаваць сваю веру ў мірным суіснаванні і дыялогу паміж рознымі культурамі і рэлігіямі».
Ватыканскі дыпламат нагадаў, што 30 гадоў таму святы Ян Павел ІІ Апостальскім лістом Quantam tandem заснаваў Апостальскую нунцыятуру з сядзібай у Мінску для падтрымання трывалых адносін з мясцовым Касцёлам і з беларускім урадам.
З удзячнасцю згадаўшы сваіх папярэднікаў, Апостальскіх нунцыяў у Беларусі, якіх за гэты час змянілася ўжо сем, і іншых дыпламатычных супрацоўнікаў, арцыбіскуп Ёзіч сказаў: «Я таксама ў сваім служэнні Касцёлу, прадстаўляючы Святога Айца Францішка ў гэтай краіне, дзень пры дні сведчу аб блізкасці Папы і Святога Пасаду да ўмілаванага беларускага народа.
Святы Пасад прыкладае ўсе намаганні для развіцця і ўмацавання двухбаковых адносін з беларускай дзяржавай, каб дапамагчы ёй стварыць клімат павагі, міру і сацыяльнай справядлівасці для ўсіх. Нягледзячы на сучасныя цяжкасці і шэраг праблем, якія патрабуюць збалансаванага падыходу і тэрміновых канкрэтных рашэнняў, Святы Пасад заўсёды застаецца адкрытым для падтрымкі грамадзянскай супольнасці, дапамогі патрабуючым і пакутуючым, гарантавання міру, стабільнасці, дабрабыту і павагі да ўсіх грамадзян, незалежна ад іх поглядаў і перакананняў».
На думку папскага прадстаўніка, «Касцёл на Беларусі з’яўляецца жывым Касцёлам, і яго жыццяздольнасць заключаецца ў разуменні і трываласці хрысціянскага жыцця вернікаў», якія рэгулярна ўдзельнічаюць у сакрамэнтах.
«У гэтай эўхарыстычнай цэлебрацыі, жывучы ў складаны і няпэўны час, калі ў многіх частках свету бяспека знаходзіцца пад пагрозай ці нават парушаны мір, мы адказваем на неаднаразовыя заклікі Святога Айца, з’яднаныя з усім Касцёлам у малітве аб заканчэнні вайны ў суседняй Украіне», — падкрэсліў нунцый.
Каментуючы імшальныя чытанні перадапошняй нядзелі Звычайнага літургічнага перыяду, іерарх заўважыў, што «ў канцы часу толькі сапраўдныя каштоўнасці будуць мець значэнне і вартасць».
«Кожная павярхоўнасць, фанабэрыстасць, хлусня, кожная спроба прадставіць чалавека тым, кім ён не з’яўляецца, прывядзе да няўдачы. Толькі тое, што мае значэнне ў Богу, будзе трываць. У той вырашальны момант — як напрыканцы жыцця, так і напрыканцы гісторыі, — чалавеку будзе дадзена ўбачыць усю праўду так, як бачыць яе Бог», — сказаў Апостальскі нунцый.
Па яго словах, «таксама і сёння ёсць ілжэпрарокі, войны, ганенні, ерасі, але хрысціянін павінен быць гатовы сустрэць кожную сітуацыю ў духу Евангелля, не паддаючыся падману».
«На працягу апошніх трыццаці гадоў Касцёл на Беларусі верна абвяшчаў Евангелле і звяртаўся да хворых, слабых, бедных і адкінутых. Ён таксама павінен працягваць сваю місію і рабіць свой ўнёсак у дабрабыт усяго беларускага грамадства.
Дзякуючы гэтай даўняй традыцыі і цвёрдай веры беларускага народа Святы Пасад можа развіваць свае дыпламатычныя адносіны з беларускім народам не толькі для святкавання чарговых юбілеяў у будучыні, але і для таго, каб надаць новы змест узаемнай павазе і стварыць новыя формы, якія прывядуць да больш блізкага супрацоўніцтва і забяспечаць гарантыі для каталіцкіх вернікаў.
Напрыканцы хачу падкрэсліць, што Святы Пасад на працягу стагоддзяў асабліва падтрымліваў беларускі народ і таксама сёння верна стаіць побач са сваім умілаваным народам», — адзначыў арцыбіскуп Антэ Ёзіч.