1 лістападa, ва ўрачыстасць Усіх Святых, калі Касцёл успамінае святых, вядомых і невядомых па імёнах і прозвішчах, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў Імшу ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
На малітве сабраліся жыхары горада, каб прасіць святых, сваіх нябесных апекуноў, заступацца за іх і дапамагаць ісці шляхам Езусавых благаслаўленняў, каб калісьці, пасля заканчэння зямной пілігрымкі, таксама апынуцца ў ліку шчаслівых жыхароў нябеснай айчыны.
У гаміліі біскуп разважаў над тым, што трэба зрабіць, каб пасля смерці ўбачыць Бога такім, якім Ён ёсць. Іерарх адзначыў, што адказ на гэта можна знайсці ў Евангеллі.
“Tрэба проста споўніць Евангелле. Жыць так, як належыць хрысціянам, і ўжо сёння паступова ўваходзіць у неба, жывучы паводле васьмі благаслаўленняў”, – сказаў ён.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што ёсць шмат прапаноў, як правесці жыццё, і правесці яго можна так, як хочацца, бо кожны чалавек вольны. Аднак, заўважыў іерарх, “душа наша жадае святасці, яна імкнецца да свайго Створцы – да Бога”, “нельга заключыць душу ў адных толькі зямных прагненнях, ёсць яшчэ прагненні вышэйшыя – нябесныя”.
Біскуп заахвоціў адмовіцца ад памылковых шляхоў жыцця, каб стаць на той, які вядзе да святасці. Гэта шлях благаслаўленняў, якім ідуць убогія духам, засмучаныя, ціхія, тыя, якія прагнуць справядлівасці, міласэрныя, чыстыя сэрцам, міратворцы, тыя, каго пераследуюць за справядлівасць.
Пасля Iмшы адбылася жалобная працэсія па святыні, падчас якой на кожным з пяці прыпынкаў вернікі маліліся за ўсіх, хто скончыў зямную вандроўку і на шляху да неба затрымаўся ў чыстцы, каб перанесці пакаранне за грахі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі