22 кастрычніка, у адпустовую ўрачыстасць, літургічны ўспамін свайго апекуна, парафія св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні адзначыла свой першы юбілей – 10-годдзе з дня заснавання.
Адпустовую Імшу ў парафіі цэлебраваў прыміцыянт – неапрэзбітэр Міхаіл Радзевіч SDB. На заканчэнне Эўхарыстыі ён удзяліў прысутным благаслаўленне.
Адбылася таксама ўрачыстая працэсія, якая расцягнулася на ўсю тэрыторыю парафіі, бо на свята прыбыло шмат вернікаў. Асабліва прыемна было бачыць вернікаў з Дзярэчына, дзе восем гадоў служыў цяперашні пробашч смаргонскай парафіі кс. Яўген Учкуроніс.
Пасля Імшы свята працягвалася. Можна было падсілкавацца прыгатаванай у парафіі кашай, выпіць кавы ці гарбаты ў коле дружнай парафіяльнай сям’і. Адбылася і традыцыйная латарэя, дзе галоўнымі прызамі сталі ровар, які выйграў міністрант Святаслаў Шостка, і электрасамакат, які выйграла сям’я Пятровых. Але і ніхто іншы не застаўся без выйгрышу. Ахвяраванні за латарэю прызначаны на будаўніцтва касцёла.
За месяц да свята ў парафіі быў аб’яўлены сямейны конкурс на лепшы макет будучага касцёла. Былі пададзены чарцяжы і фотаздымкі, паводле якіх неабходна было “збудаваць” свой касцёл. Умовамі былі найбольшае падабенства да арыгіналу, акуратнасць, майстэрства і, галоўнае, выкананне макета паводле ўласных здольнасцяў і талентаў.
22 кастрычніка перад кампетэнтным журы – галоўным архітэктарам касцёла Аляксеем Яроменкам, выкладчыцай кафедры архітэктуры БНТУ Юліяй Шэстак і кіраўніком будаўніцтва касцёла прарабам Яўгенам Каспяровічам – стаяў цяжкі выбар. На конкурс былі прадстаўлены 16 макетаў, вырабленых з розных матэрыялаў і розных памераў, ад сем’яў Шчарбінскіх, Сінкевіч, Шруб, Алянцэвіч, Гурскіх, Залескіх, Аксеніных, Мацкойць, Салянік, Куйсіс, Сцефановіч, Брудскіх, Шаровых, Пятровых, Кохан.
Было арганізавана галасаванне прысутных на свяце. Прыз сімпатый гледачоў – электрасамакат – атрымала сям’я Мацкойць. Паводле рашэння журы першае месца заняў макет сям’і Аксеніных, якая атрымала галоўны прыз – пілігрымку “Па слядах святога Яна Паўла ІІ”.
Таксама ўсе ўдзельнікі конкурсу атрымалі памятныя падарункі.
Вечарам наступнага дня ўсе сабраліся за гарбатай у коле парафіяльнай сям’і, каб падзяліцца ўражаннямі ад конкурсу і працы над ім, падзякаваць Богу за таленты і пакаштаваць макет-торт, які выпекла сям’я Пятровых.
Парафіяне ўдзячныя пробашчу кс. Яўгену за арганізацыю конкурсу, прызы і падарункі, удзячныя Богу за дар свайго заступніка святога Яна Паўла ІІ і за магчымасць з яго дапамогай праслаўляць Пана сваімі талентамі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі