З 16 па 23 кастрычніка айцы рэдэмптарысты з Гродна правялі ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Германішках (Радунскі дэканат) святыя місіі, да якіх мясцовыя вернікі рыхтаваліся на працягу года. Апошні раз місіі ў гэтай парафіі праходзілі ў юбілейным 2000 годзе.
Падзея на працягу ўсяго тыдня збірала шматлікіх вернікаў. Місіянеры разам з парафіянамі разважалі на тэмы: “Бог ёсць любоў”, “Грэх і збаўленне ў Езусе Хрысце”, “Вера і навяртанне”, “Езус – мой Пан” і іншыя.
У межах місій адбылося аднаўленне сужэнскіх абяцанняў, у якім прыняло ўдзел больш за 30 сямейных пар.
У апошні дзень місій перад касцёлам быў асвячаны вялікі місійны крыж з памятнай табліцай, які будзе пастаянна нагадваць пра гэтую важную падзею ў гісторыі парафіі.
Кс. Дзяніс Крываносаў SAC