Skip to main content

Пробашч іўеўскай парафіі павіншаваў татарскую супольнасць з 625-годдзем пасялення ў Беларусі

iuue 321 кастрычніка ў Іўі распачаўся вялікі цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных 625-годдзю з часу пасялення татараў у Беларусі.

З гэтай нагоды ў іўеўскім доме культуры адбыўся ўрачысты канцэрт. Горад наведалі дэлегацыі з Мінска, Брэста, Маладзечна, Ліды, Смілавічаў, Скідзеля, Ашмянаў, прадстаўнікі дыпламатычных корпусаў Расіі, Сірыі, Палестыны, рэлігійных і грамадскіх аб’яднанняў, дзеячы культуры і спорту.

iuue 1

Татараў-мусульман ад імя праваслаўных і католікаў павіншавалі з юбілейнай датай благачынны праваслаўных цэркваў Іўеўскай акругі протаіерэй Вячаслаў Пашкевіч і пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іуі ксёндз Павел Калеснік.

iuue 2

Гістарычная даведка:

Вялікі князь Літоўскі Гедымін (1316-1341), заснавальнік магутнай Літоўскай дзяржавы, умела пасябраваў з манголамі, з якімі ніколі не ваяваў і не плаціў ім даніны. У яго войсках заўсёды служылі татары, якія ўдзельнічалі ў бітве 1319 г. з Тэўтонскім Ордэнам.

Частка татараў, якія служылі пры Гедыміне, засталася ў дзяржаве і пасля вайны, атрымаўшы зямлю. Яны ўтварылі першае татарскае паселішча. У 1528 годзе ў Вялікім княстве Літоўскім налічвалася ўжо 3500 татараў. Тут яны мелі мноства прывілеяў: права займацца вайсковым рамяством, права на зямлю, шляхецкія правы, права вызнаваць іслам. Мову, аднак, ім захаваць не ўдалося. На новай радзіме для захавання адзінства яны карысталіся агульнай мовай – беларускай.

Засталіся некаторыя дадзеныя пра колькасць іўеўскіх татараў. У 1561 годзе тут налічваліся чатыры татарскія сям’і, ў 1598 годзе – 14 сем’яў, галоўным чынам у прадмесці Мураўшчына. Яны займаліся земляробствам, валодалі палямі і агародамі. У 1795 годзе іўеўскіх татараў налічвалася 141 чалавек, у 1851 – 510, у 1885 – 867. Гэта была адна з самых значных татарскіх супольнасцяў на тэрыторыі Беларусі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: ivyenews.by