Skip to main content

Цудадзейныя абразы Божай Маці перэгрынуюць па Астравеччыне

astrawieczyna 27Копіі цудадзейных абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі, якія здзяйсняюць перэгрынацыю па розных парафіях Беларусі, 14 кастрычніка наведалі касцёл св. Міхала Арханёла ў Міхалішках (Астравецкі дэканат).

На пачатку гэтага года копіі абразоў ужо часткова прабывалі ў некалькіх парафіях Астравецкага дэканату, а цяпер па запрашэнні вернікаў і святароў працягваюць наведваць некаторыя з іх.

У Міхалішках Нябесная Матуля адведала сваіх дзяцей невыпадкова – у свята ў гонар маці. Разам са сваім пробашчам ксяндзом Анатолем Захарэўскім вернікі парафіі, праслаўляючы Марыю спевам, у працэсіі ўнеслі абразы ў сваю святыню.

Як адзначыў, звяртаючыся да прысутных, пробашч, Марыя хоча іх наведаць, як наведала Альжбету, хоча запытацца ў кожнага, як мы жывем, як працуем, служым Богу, а таксама хоча дапамагчы. “Да Яе звяртаемся мы, як да Маці, і просім патрэбныя ласкі для нашай парафіі і ўсяго Каталіцкага Касцёла”, – сказаў святар.

astrawieczyna 4

Узначаліў святую Імшу духоўны кіраўнік перэгрынацыі а. Станіслаў Станеўскі CSsR. Спачатку ён павіншаваў прысутных з нядаўнім юбілеем 400-годдзя існавання парафіі і пажадаў парафіяльнай сям’і працягваць развівацца ў Божай ласцы на пашану і хвалу Пана.

Святар падкрэсліў, што Марыя прыходзіць, каб несці дапамогу, бо пад крыжам Езус сказаў сваёй Маці: “Жанчына, вось сын Твой”. Потым Ён сказаў вучню: “Вось Маці твая”, тым самым аддаўшы кожнага чалавека пад апеку Марыі.

Айцец Станіслаў нагадаў, што нашыя продкі прыходзілі да Марыі ў святыя месцы, каб, гледзячы ў перапоўнены любоўю Твар, узнесці да Яе малітвы і просьбы ў розных патрэбах. Святар дадаў, што праз Яе заступніцтва просьбы былі выслуханыя і здзейсненыя Богам. “Бо Марыя не толькі дала нам вялікі скарб – Божага Сына Езуса Хрыста. Яна, як у Кане Галілейскай, нясе дапамогу кожнаму з нас”, – адзначыў ён.

У суботу 22 кастрычніка ў 12 гадзін у міхалішскім касцёле адбудзецца развітальная Імша падзякі. Вечарам а 18-й гадзіне копіі абразоў прыбудуць у гервяцкі касцёл Найсвяцейшай Тройцы.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Віктар Ведзень