13 кастрычнiка, у Фацімскі дзень, у шчучынскай парафii св. Тэрэзы Авiльскай пачаліся 40-гадзінныя набажэнствы. Перад адпустовай урачыстасцю, якая адзначалася тут 15 кастрычніка, вернікі на працягу 40 гадзін маліліся Пану Езусу, прысутнаму ў выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце.
Набажэнствы праводзіў ксёндз канонiк Юрый Марцiновіч, прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі і пробашч гродзенскай парафii благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай.
У першы дзень набажэнстваў святар расказваў пра важнасць хлеба ў жыццi чалавека, пра тое, што без хлеба чалавек будзе слабы і фiзiчна, таму што хлеб – гэта ежа, і духоўна, таму што праз звычайны хлеб мы ў святой Камуніі прымаем у свае сэрцы Пана Езуса.
14 кастрычнiка, другi дзень 40-гадзiнных набажэнстваў, супаў з Днём мацi. З гэтай нагоды на пачатку казання святар распавёў гiсторыю аднаго польскага пiсьменнiка, якi з-за розных жыццёвых абставiн не паспеў ажыццявiць мары сваёй матулi. Праз гэты аповед святар данёс да вернiкаў думку аб тым, што ў iмклiвым жыццёвым руху людзям нярэдка не хапае часу, каб удзялiць больш увагi сваiм родным, а калi iх ужо не стане, мы вiнавацiм сябе, што не маглi знайсцi для іх часу.
Другая частка казання была прысвечана Эўхарыстыі. Святар, між іншым, звярнуў увагу на тое, што ўдзел у Iмшы павiнен быць свядомым выбарам кожнага. Таксама ён падзялiўся думкаю пра змены, якiя могуць адбыцца з чалавекам пасля ўдзелу ў Iмшы.
15 кастрычнiка, калі ў парафіі адзначалася адпустовая ўрачыстасць св. Тэрэзы Авiльскай, святар распачаў гамілію з яе біяграфii. Таксама ксёндз Юрый разважаў на тэму любовi, падкрэсліўшы, што жыццё Езуса Хрыста на зямлi – яскравы прыклад любовi Бога да чалавека.
Святар заахвоціў вернiкаў жыць у любовi да Бога і блiжніх, дадаўшы, што тыя, хто жыве менавiта па такіх наказах, маюць чыстыя сэрцы.
Iмша завяршылася працэсiяй вакол касцёла. На заканчэнне пробашч парафіі а. Андрэй Агель SP падзякаваў усім прысутным за супольную малітву і ўдзел.
Алена Мяткоўская
Фота: Кацярына Кулiк