18 кастрычніка дзеці з гродзенскай катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя далучыліся да малітоўнай акцыі “Мільён дзяцей моліцца Ружанец”.
Дзеці разам з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам прывіталі ўсіх прысутных з дапамогай тэлемосту анлайн шарыкамі блакітнага колеру.
Праз тэлемост дзеці ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі адначасова маліліся за мір у свеце. Тэлемост быў усталяваны паміж Гродна, Бярозай, Глыбокім, Магілёвам і Мінскам.
Ружанцы для дзяцей спляла моладзь парафіі.
Як адзначыў кс. Яўген Амасёнак, “ружанец патрэбен не каб насіць, як бранзалет, на руцэ, але каб на ім маліцца”.
Дзеці любяць маліцца на ружанцы, таму ў галоўнай святыні дыяцэзіі сабралося больш за 100 маленькіх парафіян.
Дзмітрый, якому 13 гадоў, таксама любіць маліцца на ружанцы і думае, што праз гэтую малітву Бог выслухае ўсе просьбы. “Мы з сям’ёй кожную нядзелю молімся на ружанцы дома ўсе разам”, – дадаў хлопчык.
Валерыя, якой 11 гадоў, даведалася аб ружанцовай малітве на катэхетычных занятках. Дзяўчынка кажа, што ў малітве можна папрасіць аб нечым патрэбным для сябе і блізкіх. “Сёння маліліся аб міры на зямлі, і думаю, што Бог абавязкова выслухае”, – адзначае яна.
Арсенія, якому 12 гадоў, на ружанцы навучылі маліцца мама і бабуля. “Кожны раз, калі молішся, ты паглыбляеш свае адносіны з Богам, умацоўваеш веру, ружанец дапамагае людзям атрымаць аздараўленне”, – разважае ён.
Пасля малітвы біскуп Аляксандр благаславіў усіх прысутных, а таксама ружанцы.
“Мільён дзяцей моліцца Ружанец” – сусветная ініцыятыва, арганізаваная Папскім фондам “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. Галоўная мэта гэтай малітоўнай кампаніі – паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа, як страла, ляцець проста да сэрца Бога і такім чынам змяняць свет.
Дзеці нашай краіны асабліва прасілі міру і згоды ў сваёй Бацькаўшчыне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі