З 13 па 16 кастрычніка ў рэкалекцыйным доме “Голас Айца” ў Росі (Ваўкавыскі дэканат) упершыню ў гісторыі Касцёла ў нашай краіне прайшоў “Маленькі курс хрысціянскага жыцця”.
“Маленькі курс хрысціянскага жыцця” (на іспанскай мове Сursillo de cristiandad) бярэ пачатак у Іспаніі. Такую назву мае адпаведны апостальскі рух у Касцёле. У нашай краіне святары Гродзенскай дыяцэзіі кс. Міхал Васількевіч і а. Томаш Ксёнжкевіч CMF у 2020 г. стварылі групу з дзесяці вернікаў, якім прапанавалі ўвайсці ў склад супрацоўнікаў руху і правесці гэты курс. Праз два з паловай гады з дапамогай фармацыйных сустрэч, малітваў, сумесных рэкалекцый святары і супрацоўнікі арганізавалі курс у рэкалекцыйным доме ў Росі.
У першым курсе ўдзельнічалі 15 чалавек: католікі і праваслаўныя. На пачатку сустрэчы да ўсіх прысутных звярнуўся з прывітаннем і благаслаўленнем біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх напісаў: “Хрысціянства, якое на працягу стагоддзяў фарміруе чалавецтва на нашых землях, адчувае пагрозы бязбожнага свету, які прапаноўвае сучаснаму чалавеку толькі гарызантальнае вымярэнне яго жыцця. Гэты свет, нават калі талерантна ставіцца да хрысціян, жадае прыцішыць іх веру і зачыніць у абмежаванай прасторы святыняў ці прыватных дамоў. Але мы не можам забыць словы нашага Збаўцы з місійнага наказу: “будзеце Маімі сведкамі (…) да краю зямлі” (Дз 1, 8)”.
Біскуп дадаў, што лічыць пачатак “Маленькага курсу хрысціянскага жыцця” ў Гродзенскай дыяцэзіі добрай ініцыятывай, “якая можа многім хрысціянам – католікам і праваслаўным – дапамагчы ўсвядоміць, што такое быць вучнем Хрыста, і ўмацаваць смеласць дзяліцца з іншымі досведам сваёй веры ў любові, радасці і свабодзе”.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне выказаў спадзяванне, што праца ўдзельнікаў курсу на сустрэчы ў Росі і моц Божай ласкі прынясуць плёны для Божага Валадарства ў сэрцах людзей, і пажадаў, каб святы апостал Павел, апякун гэтага руху, прасіў для іх сілы Духа Святога.
На працягу трох дзён супрацоўнікі і ўдзельнікі праводзілі гутаркі, разважалі і дзяліліся досведам свайго хрысціянскага жыцця. Сустрэча ўключала таксама сумесныя малітвы, Эўхарыстыю і адарацыю.
На заканчэнне сустрэчы кусташ санктуарыя ў Росі кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч надзеў на ўдзельнікаў крыжы і са словамі наказу разаслаў іх выконваць місію сучасных апосталаў: быць сведкамі Хрыста і актыўна ўключацца ў будаўніцтва хрысціянскіх супольнасцяў.
У далейшым арганізатары плануюць праводзіць такія курсы сістэматычна.
Упершыню “маленькі курс” прайшоў у кляштары Сан Ганарата на Маёрцы (Іспанія) у студзені 1949 г.
Заснавальнік руху іспанскі святар Эдуардо Бонін і група яго свецкіх супрацоўнікаў заўважылі, што, хоць многія хрысціяне прызнаюць сябе веруючымі, прытрымліваюцца рэлігійнай традыцыі і нават рэгулярна выконваюць рэлігійныя практыкі, іх вера з часоў вывучэння катэхізісу ў дзяцінстве не мае моцнага фундаменту ведаў і не прывяла іх да асабістай сувязі з Хрыстом. Святар і яго супрацоўнікі падумалі, што для вырашэння гэтай праблемы можна арганізаваць курс хрысціянства. Але, паколькі сучаснаму чалавеку часта не хапае часу і ён не гатовы аддаваць яго якімсьці курсам, яны прыдумалі Cursillo – маленькі трохдзённы курс: з вечару чацвярга да вечару нядзелі.
Яшчэ да Другога Ватыканскага Сабору рух распаўсюдзіўся з вялікім поспехам па ўсёй Іспаніі, а пасля па многіх краінах Амерыкі і Еўропы. Статут руху зацверджаны Апостальскім Пасадам.
Аліна Пяценка