14-15 кастрычніка ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных у Барунах (Ашмянскі дэканат) прайшлі юбілейныя ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя з часу вяртання сюды славутага ласкамі абраза Багародзіцы.
Цэлебрацыю ранішняй святой Імшы ў межах урачыстасці ўзначаліў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Іерарх падкрэсліў у гаміліі, што Панна Марыя, прадстаўленая на цудадзейным барунскім абразе, “на працягу стагоддзяў была нам наймацнейшай апякункай, надзейнай заступніцай усіх, хто да Яе звяртаецца, а таксама чулай суцяшальніцай”.
Біскуп звярнуў увагу, што “любоў, якой патрабуе ад нас Марыя, не заканчваецца на тым, што мы будзем пільныя ў набажэнстве да Яе, што мы будзем насіць шкаплер, маліцца на ружанцы і часам рабіць добрую справу ў Яе гонар”: “мала карысці ад гэтага, калі мы не будзем старацца наследаваць Марыю ва ўсіх Яе цнотах, асабліва ў любові да Бога і бліжняга”.
“Калі мы сапраўды любім, мы павінны не толькі пазбягаць граху, але і рабіць добрыя ўчынкі, – дадаў біскуп. – З такой любові да Бога натуральным чынам вынікае любоў да бліжняга, якую наш Збаўца так часта, так дакладна, так ясна выяўляў і наказваў нам”.
“Марыя любіць тых, хто любіць Яе, – любіць бязмежнай, непахіснай, дзейснай любоўю; больш, чым маглі б любіць нас сэрцы ўсіх людзей, аб’яднаных у адно сэрца. І калі сапраўдная любоў заключаецца ў тым, каб зрабіць любімую асобу шчаслівай сапраўдным і сталым шчасцем, то і любоў Марыі мае такі ж намер адносна нас, – сказаў іерарх. – Мэтай любові Марыі да нас з’яўляецца наша вечнае збаўленне – і на гэта накіраваны ўсе Яе намаганні, таму Яна не перастае заступацца за нас перад трыбуналам Божай справядлівасці. І калі Марыя просіць аб гэтым свайго Сына, ці магчыма, каб Ён адмовіў нам?”
Па словах біскупа, магчыма, ужо не адзін з вернікаў адчуў дзеянне ласкі Марыі ў Барунах перад цудадзейным абразом. “Магчыма, для многіх з нас абавязкі святой веры былі цяжкімі, непрыемнымі і нуднымі – нават адна святая Імша ў вызначаныя дні здавалася занадта доўгаю. У касцёл мы ішлі з лянотаю і хутчэй за ўсіх пакідалі яго. Падчас набажэнства мы, не ведаючы, навошта прыйшлі, не ведалі, чым сябе заняць, сумавалі, глядзелі вакол. І, можа, не адзін з нас, напрыклад, пасля добрых рэкалекцый, прачытаўшы добрую кнігу пра Марыю, адчувае ўжо не прымус, а патрэбу часцей прыходзіць у дом Пана”, – заўважыў іерарх.
“Не будзем спадзявацца на свае цноты і заслугі, не будзем разлічваць занадта на нашы добрыя пачынанні, таму што яны падобныя на крохкае і тонкае шкло; але давайце лепш спадзявацца на Тую, якая можа нам дапамагчы. Мы добра ведаем свае грахі, з вопыту ведаем, як лёгка сыходзім з добрай дарогі. Але, маючы Марыю, мы можам нічога не баяцца”, – падкрэсліў біскуп.
Пасля Імшы адбыліся адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і ружанцовае набажэнства, якое праводзілі групы жывога Ружанца.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Віктар Ведзень