Skip to main content

На тэму сям'і адбылася сустрэча для дзяўчат ў Навагрудку

Падчас школьных канікул сёстры з супольнасці сясцёр назарэтанак, як і штогод, арганізавалі ў Навагрудку сустрэчы для дзяўчат.

3 студзеня ў Навагрудскі кляштар прыехалі дзяўчаты са Смаргоні, Ліды, Дзятлава і розных гродзенскіх парафій. Тэмай сустрэчы была “Святая Сям’я – прыклад любові”. Дзяўчынкі на працягу трох дзён удзельнічалі ў св. Імшах і адарацыях, духоўна ўзрасталі на канферэнцыях і разам славілі Бога сваёй штохвіліннай радасцю.

Сёстры назарэтанкі і кс. Аляксандр Мятліцкі распавялі гісторыі свайго паклікання, засведчыўшы гэтым вялікае шчасце быцця з Богам у Яго доме. Сёстры і кс. Аляксандр імкнуліся дапамагчы дзяўчатам распазнаць, да чаго Бог кліча кожнага з нас і прыняць Яго волю.

Усіх дзяўчат, зацікаўленых ідэалам Святой Сям’і і Назарэтанскай харызмай, сёстры назарэтанкі запрашаюць у Навагрудак і тыя гарады, дзе яны служаць: у Гродна, Смаргонь, Ліду, Мінск, Івянец і Маладзечна.

С. Клара ад Святой Тройцы CSFN