2 кастрычніка ў смаргонскім араторыі імя св. Яна Боско, якi дзейнiчае пры парафii св. Мiхала Арханёла, адбылося свята на пачатак навучальнага года пад назвай “Рабіце ўсё з любові і нічога праз сілу!”, звязанай з тэмай дэвізу для ўсёй салезіянскай сям’і.
Свята пачалося Імшой, на якой ксёндз Міхаіл Радзевіч SDB заахвоціў паглыбляць сваю веру праз канкрэтныя крокі ў жыцці, а таксама звярнуў увагу, што служэнне – адзін са спосабаў праяўлення любові да Бога і бліжніх.
Пасля Імшы ўдзельнікаў чакалі арганізатары свята. Пры ўваходзе ў араторый дзеці былі падзелены на каманды, кожны адказны за каманду атрымаў карту з пэўным шляхам падарожжа. У ходзе праграмы дзеці сустрэліся з сям’ёй, якая прапанавала ім пабываць на свяце і навучыцца крыху больш “з любоўю” дапамагаць, слухаць, будаваць, спяваць, вучыцца, гуляць.
Цікава было бачыць, як дзеці з вялікім захапленнем удзельнічалі ў гульнях, слухалі вядучых, якія тлумачылі ім больш падрабязна, як “рабіць усё з любові”.
Гульні, цікавыя забавы, падрыхтаваныя арганізатарамі, стваралі добры настрой.
У прамоўленым да прысутных слоўку было падкрэслена, што не важна, колькі ты робіш і кім з’яўляешся, а важныя адносіны ў сям’і і тое, з якім намерам чыніць кожную справу.
Пасля слоўка прысутных чакаў салодкі пачастунак.
С. Валянціна Кот FMA