Курыя Гродзенскай дыяцэзіі і Кангрэгацыя Дачок Марыі Беззаганнай паведамляюць, штo 28 верасня адышла ў вечнасць сястра Фаўстына Браніслава Жыбарт ад Божай Міласэрнасці з гэтай кангрэгацыі.
Пахаванне адбудзецца ў панядзелак 3 кастрычніка ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе. Пачатак святой Імшы ў 11 гадзін.
Фаўстына Браніслава Жыбарт нарадзілася 9 студзеня 1933 г. у Александровічах на Гродзеншчыне ў сям’і Міхала і Генавэфы. У яе была сястра Валерыя, таксама законніца Кангрэгацыі Дачок Марыі Беззаганнай.
У манаскую супольнасць уступіла 8 снежня 1981 г. у Вільні. Паколькі кантакты з Польшчай былі тады ўскладненыя, правілам манаскага жыцця вучылася на нядзельных сустрэчах з сястрой Вандай Буткевіч, а на этапы фармацыі ўступала ў віленскай супольнасці сясцёр Беззаганнага Зачацця: у пастулат – 2 лютага 1982 г., навіцыят – 29 мая 1983 г., першыя манаскія абяцанні прыняла 29 мая 1985 г., вечныя – 25 жніўня 1990 г. у прысутнасці тагачаснай генеральнай настаяцельніцы супольнасці с. Аліцыі Тэрэсы Вольскай.
Усё сваё манаскае жыццё служыла ў Лідзе, у першую чаргу пры касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Пры гэтай парафіі ў сясцёр быў дом з садам. У той час, калі с. Фаўстына Браніслава далучылася да супольнасці, у парафіі не было святароў, парафіяльнае духоўнае жыццё падтрымлівалася верай, руплівасцю і працай законніц. Яны апекаваліся касцёлам, маліліся з вернікамі, арганізоўвалі маёвыя і чэрвеньскія набажэнствы, у кастрычніку – Ружанец, у Вялікі пост – Крыжовы шлях.
Сёстры ўсяляк дапамагалі святару, які прыязджаў у парафію толькі ў нядзелю, каб удзяліць сакрамэнты. Сястра Фаўстына Браніслава з іншымі законніцамі выпякалі гостыі, камуніканты і аплаткі для некалькіх навакольных парафій. Важнай справай было таксама гатаванне ўрачыстых абедаў на святарскія сустрэчы з нагоды імянін ці парафіяльных адпустаў.
Апошнія гады жыцця сястра правяла пры лідскай парафіі Святой Сям’і, на тэрыторыі якой у Кангрэгацыі Дачок Марыі Беззаганнай быў дом. Тут яна падтрымлівала душпастырскую працу малодшых законніц і малілася за ўсе справы кангрэгацыі.
Дзякуючы за дар жыцця сястры Фаўстыны Браніславы і яе адданае служэнне ў Касцёле на Гродзеншчыне, даручаем яе душу Божай міласэрнасці, каб Добры Бог адарыў яе жыццём вечным.
Вечны адпачынак дай ёй, Пане...