29 верасня, у свята святых Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, парафія ў Міхалішках (Астравецкі дэканат), нябесным апекуном якой з’яўляецца Арханёл Міхал, адзначала адпустовую ўрачыстасць. Таксама ў гэты дзень парафія святкавала 400-годдзе свайго існавання.
Двайное свята сабрала ў парафіяльным касцёле вялікую колькасць духавенства, мясцовых вернікаў, гасцей, якія ўдзельнічалі ў супольнай малітве. Асабліва прыемна парафіянам было бачыць шаноўнага госця – арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча, якога на парозе касцёла цёпла прывіталі дзеці і дарослыя і які цэлебраваў святую Імшу.
Парафіяне сустрэлі іерарха вершам:
У гаміліі арцыбіскуп акцэнтаваў увагу на тым, што святы Міхал – сімвал барацьбы дабра са злом, перамогі дабра над злом, таму па прыкладзе патрона парафіі кожны з вернікаў павінен шчыра несці святло і служыць Богу, памятаць, што ёсць Божыя законы, па якіх трэба жыць, не забываць пра дабро ў адносінах да бліжняга.
Іерарх выказаў думку, што вернікі міхалішскай парафіі вельмі шчаслівыя, бо маюць такую прыгожую святыню з багатай гісторыяй. Ён дадаў, што за 400 год існавання парафіі тут адбылося многае і цудоўна, што праз гады ў людскіх сэрцах захаваліся моцная вера, надзея і любоў.
На заканчэнне Імшы адбыліся выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і эўхарыстычная працэсія. Усе ўдзельнікі ўрачыстасці атрымалі благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
Пробашч ксёндз Анатоль Захарэўскі шчыра падзякаваў арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу за тое, што ў чарговы раз знайшоў час завітаць у Міхалішкі, каб падзяліцца Божым словам, сваёй мудрасцю і аптымізмам. Усім прысутным святарам і вернікам пробашч выказаў падзяку за супольную малітву.
Арцыбіскуп павіншаваў прысутных са святам, пажадаў парафіі працягваць годна пісаць новую старонку сваёй гісторыі, а таксама паабяцаў, што абавязкова яшчэ не раз завітае ў Міхалішкі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі