24 верасня ў кляштары сясцёр кармэлiтак Дзiцяткі Езуса ў Адамавічах адбыўся дзень засяроджання для дзяўчат. Сустрэча была прысвечана пытанню: “Кім ты хочаш быць: вызнаўцам, паслядоўцам і сведкам Хрыста ці толькі Яго прыхiльнікам?”
Духоўным кіраўніком ў межах дня засяроджання быў кс. Яўген Амасёнак.
На сустрэчы дзесяць прысутных дзяўчат з розных гарадоў змаглі акунуцца ў малітоўную атмасферу і паразважаць на падставе абраза Уільяма Холмана Ханта “Святло свету” аб сваім жыцці, прыйсці да думкі, што толькі ад самога чалавека залежыць, адчыніць ён дзверы свайго сэрца Богу ці не.
Са сведчання адной удзельніцы:
“Я ехала ў Адамавічы з адной мэтай – спытаць Бога: дзе Ты ёсць? Я дакладна ведаю, што Ты ёсць, ведаю гэта, але зусім не адчуваю Цябе, не бачу і не чую ўжо доўгі час. Я ведаю, што Ты ёсць, што Твой вобраз схаваны ўнутры мяне за ўсім тым хламам, які нагрувашчваецца кожны дзень, ведаю, што Ты Сваімі рукамі ляпіў маё сэрца, але я не ведаю, дзе Ты ёсць цяпер.
І вось, дзякуючы гэтаму дню, я ведаю, дзе цяпер Бог – каля дзвярэй майго сэрца. Карціна, на якой сумны Езус стукае ў дзверы без ручкі, выклікала ўва мне адначасова і пачуццё вялікай любові, і вялікі боль. Таму што прыйшло ўсведамленне, што ва ўсёй сваёй любові да мяне, у павазе да майго выбару, ва ўсёй сваёй далікатнасці Бог стаіць каля дзвярэй майго сэрца, сэрца, якое Ён зрабіў сам, але сціпла, як госць, чакаючы, калі Яго ўпусцяць. І самае няўяўнае – што б ні адбывалася ў маім жыцці, як бы я Яго ні параніла, ні адыходзіла ад Яго, Ён усё роўна будзе працягваць стаяць. Вось, будзе дзень, калі я зноў упаду, памылюся, адвярнуся ад Яго – Ён у гэты дзень будзе стаяць там. Будзе дзень, калі я ў спешцы і мітусні, у пастаяннай летаніне нават не ўспомню пра Яго – і Ён у гэты дзень будзе стаяць там. Будзе дзень, калі я прыйду да Яго не з гарачым сэрцам, а проста таму, што так кажуць мне мае абавязкі, калі аддам Яму не самае дарагое і лепшае, што ёсць у маім жыцці, а проста хоць нешта, нешта не вельмі важнае, якое не мае асаблівай каштоўнасці – паспешную малітву па дарозе на працу, добрую справу, зробленую не з любові да Яго, а з сябелюбства, няўважлівае чытанне Бібліі, – а Ён усё роўна будзе працягваць стаяць і чакаць мяне. Гэта ўсведамленне абсалютнай, невытлумачальнай па-чалавечы Божай любові – самае прыгожае, што можна перажыць”.
С. Алетэя (Ала Новік)