Skip to main content

Адбылася аўтобусная пілігрымка з гродзенскай парафіі Святога Духа ў Баруны

olszanka baryny 824 верасня адбылася аўтобусная пілігрымка з парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) у санктуарый Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах.

Вернікі на чале з пробашчам кс. канонікам Паўлам Салабудам і кс. Валерыем Спірыдонам сабраліся разам, каб наведаць Маці Барунскую.

Галоўнай падзеяй пілігрымкі сталася святая Імша апоўдні ў санктуарыі, калі кожны меў магчымасць падзякаваць Панне Марыі, даручыць Ёй свае праблемы і папрасіць аб дапамозе. Таксама ўсе жадаючыя маглі набраць вады, якая цячэ з крыніцы пад касцёлам.

Пасля малітвы кусташ санктуарыя кс. Павел Паўлюкевіч пазнаёміў пілігрымаў з гісторыяй цудатворнага абраза і запрасіў на абед, які падрыхтавалі мясцовыя парафіяне. На гэтым паездка не скончылася, альшанскія вернікі наведалі і іншыя прыгожыя і гістарычныя месцы краіны: касцёлы св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах, св. Міхала Арханёла ў Міхалішках, Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах, св. Міхала Арханёла ў Ашмянах, санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях. У кожным з гэтых месцаў, дзякуючы святарам, якія служаць у гэтых парафіях, пілігрымы мелі магчымасць памаліцца, даведаліся пра багатую гісторыю святыняў, набылі сувеніры і і зрабілі шмат фотаздымкаў.

Падчас гэтага падарожжа парафіяне пераканаліся, што самае галоўнае – жывы Касцёл, адзіная супольнасць. Таму пілігрымка стала цудоўнай магчымасцю пазнаёміцца адзін з адным, правесці час разам у малітве і адпачынку. “Касцёл, які пабудаваны ў першую чаргу на добрых адносінах людзей з Богам і з іншымі людзьмі, прастаіць не адзін год”, – упэўненыя ўдзельнікі пілігрымкі.

Кацярына Русялевіч, Наталля Лазоўская

Фота: Кацярына Русялевіч