Больш за 330 гадоў шматлікія вернікі выказваюць прашэнні і падзякі перад невялікай выявай Маці Божай, вядомай пад тытулам Суцяшальніца засмучаных. Як даўней, так і ў наш час па шчырых малітвах Суцяшальніца засмучаных выслухоўвае сваіх зямных дзяцей і дапамагае ў вельмі розных патрэбах.
“Прагну, каб людзі, якія просяць Майго Сына аб дапамозе ў жыцці, атрымалі яе перад Маім абразом”, – такія словы Маці Божая аднойчы сказала Мікалаю Песляку, якому быў падараваны цудадзейны абраз. Перад гэтым абліччам Марыі няспынна ўзносяцца малітвы аб аздараўленні, выратаванні жыцця, вызваленні ад дрэнных звычак, выпраўленні жыццёвых памылак.
“Калі пойдзеш за Мной, пакажу табе годнае месца, якое сабе выбрала. Тут заўсёды будуць аказаны вялікія ласкі Маім людзям, якія будуць да Мяне маліцца”, – сказала Панна Марыя Мікалаю Песляку ў 1691 годзе. Ён старанна выканаў наказ і пабудаваў першую святыню для Яе абраза. Гэтае месца было ў бары, паміж дзвюх елачак, але неўзабаве вакол крыжа і капліцы выбудавалася цэлае пасяленне, якое пазней стала мястэчкам. Некалькі разоў абраз пакідаў святыню і мястэчка Баруны, але Маці Божая заўсёды вярталася ў тое месца, якое сама выбрала.
Апошняе вяртанне абраза ў Баруны адбылося 15 кастрычніка 1922 года дзякуючы намаганням тагачаснага пробашча ксяндза Юліяна Бароўкі. З тых часоў абраз зноў прыцягвае ў барунскую святыню тысячы вернікаў.
Неўзабаве Гродзенская дыяцэзія будзе святкаваць 100-гадовы юбілей вяртання абраза ў Баруны.
24 верасня пілігрымку ў Баруны здзейснілі вернікі смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла. Больш за 50 парафіянаў разам з кс. Здзіславам Вэдэрам SDB накіраваліся да Маці Божай Барунскай, каб выказаць падзяку, атрымаць дапамогу, памаліцца перад цудадзейным абліччам Суцяшальніцы засмучаных разам з многімі іншымі пілігрымамі.
Святую Імшу ў барунскім касцёле ўзначаліў ксёндз канонік Ян Пузына. У гаміліі ён выказаў думкі прысутных вернікаў: “Дзякуем добраму Пану Богу за такі вялікі дар Маці, які маем на нашай зямлі”.
Субко Наталля