З 30 жніўня па 1 верасня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбыліся святарскія рэкалекцыі.
У духоўных практыкаваннях удзельнічала 25 святароў.
Тэмай рэкалекцый сталі словы “З Марыяй да адзінства і міру”. У першы дзень удзельнікі разважалі пра мір і адзінства ў парафіяльным жыцці, у другі – пра мір і адзінства ў святарстве, у трэці – пра Маці Божую ў жыцці святара.
У праграме кожнага дня цэнтральнай падзеяй была святая Імша. Праграма ўключала таксама адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, малітву Літургіі гадзінаў, канферэнцыі і братэрскія сустрэчы.
У апошні дзень рэкалекцый Імшу ў санктуарыі перад цудадзейным абразом Марыі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх падкрэсліў, што гэты час, які святары правялі разам і на малітве, паспрыяе стварэнню духу адзінства прэзбітэрыя Касцёла на Гродзеншчыне, а таксама аднаўленню іх асабістага духоўнага жыцця.
Біскуп падзякаваў за арганізацыю рэкалекцый кусташу санктуарыя кс. каноніку Юрыю Бяганскаму, які арганізуе іх ужо трэці раз запар.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі