Skip to main content

Шчучынскі дэканат пілігрымаваў да Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Баруны

baruny 127 жніўня духавенства і вернікі Шчучынскага дэканату здзейснілі пілігрымку ў санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах (Ашмянскі дэканат). Пілігрымка прайшла ў межах духоўнай падрыхтоўкі да юбілею 100-годдзя з часу вяртання ў Баруны цудадзейнага абраза Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных.

Святкаванне гэтага юбілею адбудзецца ў барунскім касцёле 15 кастрычніка.

У час знаходжання ў санктуарыі вернікі мелі магчымасць пазнаёміцца з цікавай гісторыяй абраза і святыні, якая здаўна з’яўляецца месцам пілігрымак і адным з цэнтраў культу Маці Божай на Гродзеншчыне.

Таксама яны маглі прыступіць да споведзі, прыняць святую Камунію і згодна са звычаем набраць вады, якая цячэ з крыніцы ў крыпце касцёла. Зусім нядаўна крыпта з крыніцай была адноўлена і па-новаму абсталявана намаганнямі клапатлівага пробашча кс. Паўла Паўлюкевіча пры падтрымцы парафіян.

Потым пілігрымы ўдзельнічалі ў святой Імшы, быў у іх і час на індывідуальную малітву.

baruny 2

Як сведчыць гісторыя, выява Маці Божай з’явілася ў Барунах у 1691 годзе дзякуючы Мікалаю Песляку, які атрымаў абраз у спадчыну ад уніяцкага святара з ордэну базыліянаў а. Язафата Бражыца. У 1692 годзе намаганнямі Мікалая Песляка быў пабудаваны драўляны касцёл, пазней – мураваны.

Апеку над абразом і пілігрымамі ажыццяўлялі браты базыліяне з Вільні. З таго часу культ Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных развіваўся ўсё больш. Марыя нястомна прасіла для тых, хто Яе шанаваў, жаданыя ласкі: выздараўлення, навяртання, вызвалення ад залежнасцяў, ад апантанасці, выратавання ў сітуацыях, якія пагражаюць жыццю і здароўю.

У 1839 годзе, прадбачачы роспуск ордэну і закрыццё кляштара, базыліяне перадалі абраз сям’і Важынскіх з Алян, а ў касцёле змясцілі яго дакладную копію. Абраз разам са сваімі апекунамі гасціў у Кракаве, Закапанэ, Вільні. Толькі 15 кастрычніка 1922 г. ён вярнуўся дадому і быў змешчаны на ранейшым месцы, у левым бакавым нэфе барунскага касцёла, дзе знаходзіцца і цяпер.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі