З 18 па 21 жніўня адбылася пілігрымка з Каробчыц у санктуарый Маці Божай Ліхэньскай (Польшча). У ёй удзельнічалі вернікі з каробчыцкай парафіі св. Станіслава, біскупа, і св. Максімільяна Кольбэ (дэканат Гродна-Захад), а таксама з Гродна, яго наваколля і Мінска.
У першы дзень пілігрымы наведалі санктуарый Маці Божай Ліхэньскай. Яны ўдзельнічалі ў ранішняй Імшы, мелі магчымасць прайсці Крыжовы шлях, наведаць Святы лес, дзе адбываліся аб'яўленні Маці Божай і знаходзяцца ружанцовыя дарожкі. Вечарам яны прынялі ўдзел у Марыйным апэлі і працэсіі з абразом Маці Божай. Таксама ў іх быў час на асабістую малітву, адпачынак, знаёмства з санктуарыем.
На другі дзень пасля Імшы пілігрымы адправіліся ў Торунь, горад з багатай гісторыяй і архітэктурай, старадаўнімі святынямі, прыгожымі вулачкамі і вядомымі торуньскімі пернікамі.
На трэці дзень, вяртаючыся ў Беларусь, пілігрымы наведалі Непакалянаў, месца апекуна парафіі ў Каробчыцах святога Максімільяна Кольбэ. Вернікі былі ў захапленні ад убачанага. Яны пабывалі ў музеі св. Максімільяна, пачулі гісторыю яго жыцця, якую ім распавёў брат францішканін, а ў капліцы, дзе праходзіць пастаянная адарацыя, памаліліся аб міры, просячы заступніцтва Марыі Беззаганнай.
Асаблівую падзяку пілігрымы выказваюць консулу Рэспублікі Польшча ў Гродне Анджэю Рачкоўскаму за дапамогу ў атрыманні віз.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі