21 жніўня ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні быў уведзены на пасаду пробашча кс. Артур Ляшнеўскі SDB. Чын увядзення здзейсніў біскупскі вікарый і дэкан Астравецкага дэканату кс. канонік Юзаф Багдзевіч.
Ксёндз Артур – чалавек для парафіі не новы. У Смаргоні ён праходзіў дыяканскую практыку, рабіў першыя крокі як новапрэзбітэр, аддана працаваў як адказны за араторый.
Чын увядзення стаў святам для парафіяльнай супольнасці. У прысутнасці шматлікіх парафіян і гасцей біскупскі дэлегат зачытаў дэкрэт біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча аб прызначэнні новага пробашча. Затым ксёндз Артур Ляшнеўскі перад дэлегатам і супольнасцю прыняў абавязкі, вызнаў веру і прынёс прысягу, што з вялікай стараннасцю і вернасцю будзе выконваць даручаныя абавязкі, служачы як паўсюднаму, так і мясцоваму Касцёлу.
Пасля падпісання неабходных дакументаў дэлегат біскупа ўрачыста перадаў кс. Артуру ключы ад парафіяльнай святыні з наказам: “Прашу цябе адчыняць гэтую святыню ўсім, хто шукае Бога”.
Новапрызначаны пробашч узначаліў святую Імшу, гамілію на якой прамовіў кс. Павел Шчарбіцкі SDB, дэлегат салезіянаў на Беларусі, які быў пробашчам гэтай парафіі два папярэднія гады. “Клапаціся аб павелічэнні дабра для парафіі і ва ўсіх справах памятай, што будзем здаваць справаздачу Пану Богу. Першы – я, за мной – ты”, – сказаў ксяндзу Ляшнеўскаму ксёндз Шчарбіцкі.
Новага пробашча з радасцю прывіталі члены парафіяльнай рады, шматлікіх парафіяльных малітоўных рухаў і супольнасцяў. Ксёндз Артур падзякаваў, адзначыўшы: “Скажу без ілжывай пакоры, я вельмі шчаслівы, што прыехаў у Смаргонь. Я вас вельмі моцна люблю, вы для мяне – сям’я. Як святар буду ўвесь ваш. Дзякую Богу, што даў мне магчымасць быць айцом гэтай парафіяльнай супольнасці”.
Наталля Субко