Парафіяльнаму касцёлу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне 7 жніўня на Імшы быў перададзены абраз св. Юды Тадэвуша, які раней знаходзіўся ў мясцовай уніяцкай святыні. Гісторыя гэтага абраза сапраўды незвычайная.
Уніяцкая святыня ў Сапоцкіне існуе вельмі даўно. Як паведамляе гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч, з інвентара Сапоцкіна за 1704 год вынікае, што там ужо была ўніяцкая царква. Драўляная святыня, верагодна, на месцы папярэдняй, была пабудавана там у 1725 г. Багуславам Корвінам Гасеўскім. Вашкевіч дадае, што выгляд святыні з трыма алтарамі, галоўным і двума бакавымі, нагадваў выгляд рыма-каталіцкага касцёла. Перад святыняй стаяла драўляная званіца з чатырма званамі. Літургічныя кнігі былі заходняй традыцыі – Служэбнік (Імшал), выдадзены ў Вільні, лацінскі Імшал, Евангелле на польскай мове.
Святыня разбурылася ў 1815 г. Потым у Сапоцкіне была ўжо толькі маленькая ўніяцкая капліца, і ў пачатку 30-х гадоў ХІХ ст. было пастаноўлена пабудаваць мураваную святыню. Яе скончылі ў 1839 г., асвяцілі ў 1841. Уніяцкая святыня ў 1875 г. па рашэнні царскіх улад была ператворана ў праваслаўную, але колькасць вернікаў увесь час змяншалася, у 1915 г. іх ужо амаль не было. Няма дакладных дадзеных пра лёс былой уніяцкай святыні ў міжваенны перыяд, але вернікаў гэтай канфесіі ў Сапоцкіне ўжо не існавала.
Гісторыя абраза св. Юды Тадэвуша, вядомая нам з сямейнага пераказу, пачалася ў верасні 1939 г. Казімір Марцінкевіч у міжваенны перыяд прыслужваў на святой Імшы ў каталіцкім касцёле ў Сапоцкіне. Ён быў дзедам Таццяны Роўбуць і Юрыя Ярыцы, якія перадалі абраз. Дом Казіміра знаходзіўся насупраць уніяцкай святыні. Пробашч папрасіў, каб людзі, якія жывуць паблізу, узялі сабе дадому для захавання абразы і іншыя прадметы, якія заставаліся ў ёй. Казімір Марцінкевіч узяў менавіта абраз св. Юды Тадэвуша, гэта было палатно, вынятае з рамкі.
Пасля ІІ Сусветнай вайны царква ўжо не дзейнічала і была ў дрэнным стане, з дзіркай у даху. У 70-я гады яна была знішчана па загадзе ўлад. Захавалася толькі агароджа, якая цяпер знаходзіцца на тэрыторыі дзіцячага саду. Побач знаходзяцца таксама былыя ўніяцкія могілкі, на якіх захавалася сёння толькі адно каменнае надмагілле.
У 1968 г. перад смерцю Казімір Марцінкевіч перадаў палатно сваёй дачцэ Браніславе Марцінкевіч. Некалькі гадоў таму яна распавяла ўсю гэтую гісторыю сваім дзецям, і яны разам разважалі, што рабіць з абразом. Палатно было ў вельмі дрэнным стане. У 2021 г. Браніслава Марцінкевіч адышла ў вечнасць. Яе дзеці вырашылі, што абраз павінен вярнуцца ў Сапоцкін, і, хоць ужо няма ўніяцкай святыні, яго трэба перадаць у касцёл. Абраз быў накіраваны на рэстаўрацыю, якую рабіў Уладзімір Кіслы з Гродна.
Нам было цікава, ці былі вернуты якіясьці рэчы з уніяцкай святыні, напрыклад, у мясцовы касцёл. Такіх выпадкаў не было ў часы сённяшняга пробашча кс. Антонія Абухоўскага, як і папярэдняга пробашча кс. прэлата Вітальда Лазавіцкага.
7 жніўня гісторыя павярнулася. Абраз Юды Тадэвуша быў вернуты ў сапоцкінскую святыню. Варта нагадаць, што гэты святы з'яўляецца памочнікам у безнадзейных і цяжкіх справах.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі