11 жніўня ў капліцы святой Філамэны ў мястэчку Варона, што належыць варнянскай парафіі на Астравеччыне, адбылася адпустовая ўрачыстасць.
З гэтай нагоды цэлебрацыю святой Імшы ў Вароне ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Разам з ім маліліся святары з Гродзенскай і Віцебскай дыяцэзій, а таксама з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Сярод іх быў і святар-легенда — ксёндз Юзаф Занеўскі, салезіянін, чыё пакліканне і служэнне стала новым стартам салезіянскай прысутнасці ў Беларусі.
Мясцовыя вернікі належным чынам падрыхтаваліся сустрэць гасцей. Яны старанна прыбралі тэрыторыю вакол святыні, а сцяжынку ад уваходнай брамы да дзвярэй капліцы выслалі прыгожым дываном з кветак.
Увечары, калі святыня зазіхацела чырвоным золатам у промнях заходзячага сонца, парафіяне на чале са сваім душпастырам ксяндзом Віктарам Захарэўскім, пробашчам парафіі святога Юрыя ў Варнянах, з кветкамі і караваем віталі іерарха перад капліцай, якой год таму быў вернуты яе гістарычны тытул.
Біскуп Касабуцкі зазначыў, што гэта адзіная ў Беларусі святыня ў гонар святой Філамэны.
Гэты касцёльчык, які, нібы цацачны, узносіцца ўвыш на маляўнічым пагорку над невялікім азярком, здалёк відаць ад дарогі.
Як распавёў падчас урачыстасці варнянскі пробашч, будавалася гэтая святыня каля чатырох стагоддзяў таму як кальвінскі збор, аднак пазней стала каталіцкай. Незалежна ад канфесійнай традыцыі, прызначэнне святога месца адно — яднаць людзей з Богам і быць знакам Яго збаўчай прысутнасці са сваім народам.
Аднак у змрочныя савецкія часы ваяўнічага атэізму няўдалыя будаўнікі «светлай будучыні» без Бога ператварылі капліцу ў калгасны склад, і занядбаная святыня, што прастаяла стагоддзі, за некалькі дзесяцігоддзяў ператварылася ў руіны.
Але бязбожным ідэолагам не ўдалося вырваць веры з чалавечых сэрцаў, і калі на нашую зямлю разам з незалежнасцю прыйшла рэлігійная свабода, мясцовыя людзі пад кіраўніцтвам тагачаснага варнянскага пробашча ксяндза Здзіслава Пікулы SDB з любоўю аднавілі свой прыгожы касцёльчык.
У 2001 годзе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч нанава яго пасвяціў, надаўшы тытул святога Юрыя — такі самы, як у парафіяльнага касцёла ў Варнянах, паколькі на той час не ўдалося высветліць, які быў першапачатковы тытул святыні ў Вароне.
Ужо пазней, як адзначыў ксёндз Віктар Захарэўскі, было ўстаноўлена, што гэтая капліцы, пабудаваная як кальвінскі збор, доўгі час была сямейнай і належала мясцоваму шляхецкаму роду Кардзісаў. На пачатку ХІХ стагоддзя прадстаўнікі сям’і звярнуліся да Віленскага біскупа з просьбай пасвяціць капліцу ў Вароне, што і было зроблена. Святыня атрымала тытул святой Філамэны, кананізаванай незадоўга да гэтага, і стала філіяльным касцёлам варнянскай парафіі. Адзін з прадстаўнікоў гэтага шляхецкага роду Ігнацы Кардзіс нават стаў каталіцкім святаром, і яго магіла да гэтага часу захавалася побач з капліцай.
Пасля ўстанаўлення гэтых акалічнасцяў, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч сваім дэкрэтам ад 1 ліпеня 2021 года вярнуў філіяльнаму касцёлу ў Вароне яго гістарычны тытул святой Філамэны.
У Год гістарычнай памяці, які праходзіць сёлета ў нашай Бацькаўшчыне, тут адбыўся другі парафіяльны фэст ў дзень успаміну святой Філамэны.
Як зазначыў ксёндз Віктар Захарэўскі, за гэты год у Вароне адбылася радасная падзея, якую ён як душпастыр лічыць сапраўдным цудам.
«Памятаеце, год таму біскупа нашага ардынарыя вітала сям’я Сінкела, Вячаслаў з Верай. Гэтая сям’я доўга не мела дзетак, а ўчора Вера нарадзіла дзяўчынку», — падзяліўся радасцю святар, дадаўшы, што лічыць гэта вялікім цудам, здзейсненым праз заступніцтва святой Філамэны, якая дапамагае сем’ям, што доўгі час не мелі дзяцей, перажыць шчасце бацькоўства.
Больш падрабязна гісторыю жыцця, мучаніцтва і культу святой Філамэны прадставіў у прамоўленай гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі, падкрэсліўшы незвычайную мужнасць гэтай святой панны і мучаніцы з часоў ранняга хрысціянства, якая не спалохалася жахлівых мучэнняў і смерці за сваю веру. Іерарх заахвоціў вернікаў прасіць Бога праз заступніцтва святой Філамэны аб вернасці Хрысту і Яго Евангеллю сярод усіх выпрабаванняў.
На пачатку ўрачыстасці біскуп Касабуцкі благаславіў фігуру святога Юзафа, усталяваную перад уваходам у святыню, п’едэстал для якой зрабілі мясцовыя жыхары Андрэй Бумбуль і Мар’ян Сінкела. У гаміліі іерарх запрасіў вернікаў прасіць заступніцтва святога Абранніка Багародзіцы для сваіх сем’яў, каб у іх панавала згода і еднасць, заснаваная на любові, вернасці і сапраўдных хрысціянскіх каштоўнасцях, без якіх немагчыма шчаслівае сумеснае жыццё.
Падчас Імшы біскуп здзейсніў благаслаўленне абраза святой Філамэны, змешчанага ў цэнтральным алтары адноўленай святыні.
Яго стварыла зямлячка іерарха Ядзвіга Сянько з Маладзечна. Яна намалявала больш за 2000 ікон і карцін, якія знаходзяцца як у нашай краіне, так і за яе межамі, а створаныя ёю копіі цудадзейных абразоў Маці Божай з беларускіх Марыйных санктуарыяў ужо другі год пілігрымуюць па касцёлах нашай Бацькаўшчыны. На алтарным абразе ў Вароне яна намалявала святую Філамэну як маладую дзяўчыну незвычайнай прыгажосці з прыладамі яе катавання — якарам, з дапамогай якога мучаніцу спрабавалі ўтапіць, і стрэламі, якімі ў яе стралялі. Паколькі гэтыя спробы забіць мужную хрысціянку не мелі поспеху, сам раз’юшаны цэзар выхапіў меч і адсек ёй галаву.
На заканчэнне святой Імшы біскуп Касабуцкі благаславіў таксама чатыры харугвы.
Іх сваімі рукамі пашыла мама ксяндза Віктара Захарэўскага і яго брата Анатоля, таксама святара, якія абодва нясуць служэнне ў дзвюх суседніх парафіях на Астравеччыне — Варнянах і Міхалішках.
Як заўважыў іерарх, пані Данута падаравала парафіяльнай супольнасці не толькі пробашча, але таксама і харугвы, дрэўкі для якіх зрабіў Уладзімір Кяжун.Завяршылася ўрачыстасць Эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні, у якой біскуп нёс Цела Хрыста ў манстранцыі, а мясцовыя вернікі — толькі што благаслаўлёныя ім харугвы.
На заканчэнне працэсіі біскуп Юрый Касабуцкі ўдзяліў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам, а прадстаўнікі парафіяльнай супольнасці шчыра падзякавалі іерарху за прысутнасць і выказалі спачуванні ў сувязі з нядаўнім адыходам у вечнасць яго таты.