“Дзякуй Табе, Пане, што Ты мяне выбраў!” – словы гэтага дэвізу вельмі яскрава перадаюць настрой і сэнс святочнай Эўхарыстыі, на якой 7 жніўня ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні дзякавалі Богу за 25-годдзе з часу прынясення манаскіх абяцанняў с. Веранікі Блізнюк FMA і 150-годдзе з часу заснавання Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі, за іх вернасць і адданасць у апостальскай працы на карысць Касцёла і моладзі.
150 гадоў – вельмі вялікі і значны юбілей, які паказвае ўсемагутнасць Божага Провіду і актуальнасць салезіянскай харызмы св. Яна Боско і св. Марыі Дамінікі Мадзарэлла ва ўсім свеце. З гэтых 150 гадоў ужо амаль 31 год сёстры служаць на беларускай зямлі, а з іх свой першы юбілей 25-годдзя манаскіх абяцанняў адзначыла адна з першых салезіянак беларускай зямлі – с. Вераніка.
Для ўсіх сясцёр салезіянак гэты дзень быў таксама магчымасцю задумацца над сваімі абяцаннямі, дадзенымі Богу падчас розных сакрамэнтаў, і яшчэ раз аднавіць гатоўнасць выконвання гэтых абяцанняў з верай і любоўю.
Святочную Эўхарыстыю узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. У гаміліі ён зазначыў, што важна не баяцца адказаць на Божы заклік, як зрабіла сястра-юбілярка Вераніка, якую Бог выбраў, паклікаў і зрабіў сваёй умілаванай навекі.
Важным момантам Імшы быў акт аднаўлення манаскіх абяцанняў с. Веранікі, падчас якога былі прамоўлены словы: “Божа, Ойча, Ты асвяціў мяне праз хрост і цяпер моцай Твайго Духа клічаш мяне бліжэй ісці за Езусам Хрыстом, каб яшчэ глыбей удзельнічаць у Яго збаўчай місіі ў Касцёле…”
Потым біскуп перадаў юбілярцы сімвал – запаленую свечку, знак святла Хрыста і знак вернага чування, кажучы: “Няхай твая лямпа гарыць заўсёды, на чыстым падсвечніку, ад вечару да раніцы, перад Панам, у вечнай падзяцы” (пар. Ляв 24, 3-4).
Пасля Імшы было шмат віншаванняў, таксама прысутных чакала вясёлая святочная праграма ў араторыі і абед у доме сясцёр.
Каб добра адчуць атмасферу гэтага юбілейнага дня, варта прыгадаць словы падзякі с. Веранікі, якія яна прамовіла ў канцы Эўхарыстыі:
“У гэты асаблівы для мяне дзень разам з усім Касцёлам Табе, Ойча міласэрнасці і крыніца ўсялякага суцяшэння і чалавечага шчасця, я, сястра Вераніка Блізнюк, сёння ўзношу гімн благаслаўлення і ўдзячнасці за дар жыцця... Благаслаўляю Цябе і прашу: захавай мяне ў вернасці абавязацельствам, прынятым 7 жніўня 1997 года, каб, калі Ты паклічаш мяне сузіраць Тваё аблічча, я была руплівай у чаканні і палымянай у любові
“Дзякуй Табе, Пане, што Ты мяне выбраў” – менавіта такія словы я абрала для сябе на сённяшняе свята. А цяпер, чуючы столькі прыгожых слоў ад усіх вас і адчуваючы вашу добразычлівасць і падтрымку, моцна ўпэўнена, што сапраўды гэтыя словы выказваюць усё тое, што маю ў маім сэрцы”.
Выказваючы любоў і ўдзячнасць сваім бацькам, с. Вераніка нагадала, што яе шлях паклікання з самага пачатку не быў, напэўна, для іх простым, а можа, нават і зусім незразумелым. Былі і цяжкія моманты, аднак бацькі прынялі яе і тое, кім яна абрала стаць на ўсё жыццё.
Звяртаючыся з падзякай да біскупа Аляксандра, яна між іншым сказала: “Я вельмі ўдзячна Вам, бы Вы былі адным з першых, хто ад самага пачатку суправаджаў мяне на шляху паклікання. Калісьці, больш за 30 гадоў таму, калі яшчэ не было ў Смаргоні нашых сясцёр, мы разам рыхтаваліся да законнага жыцця, і Вы для мяне былі такім сур’ёзным, крыху старэйшым братам, які заўсёды імкнуўся штосьці падказаць, дапамагчы. Дзякую Вам ад усяго сэрца за ўсе моманты, якія мы перажывалі разам, калі супрацоўнічалі ў парафіі ў Мінску і тут, у Смаргоні”.
Сястра Вераніка выказала словы падзякі сёстрам салезіянкам і братам салезіянам. Яна нагадала, што ўдзячна салезіянскай сям’і, вельмі ганарыцца прыналежнасцю да Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі і тым, што сёння разам з гэтай супольнасцю, якая святкуе 150-гадовы юбілей, можа азірнуцца і паглядзець на шостую частку, якую ўпісала ў гісторыю кангрэгацыі.
Юбілярка дадала, што апошнія 10 гадоў былі для яе выпрабаваннем па прычыне слабога здароўя, аднак кожная сястра і кожны сабрат яе падтрымлівалі, дапамагалі, не давалі апусціць рукі, суцяшалі і падбадзёрвалі. Сястра Вераніка падкрэсліла і тое, што амаль усё сваё салезіянскае жыццё правяла ў супрацоўніцтве з сабратамі-салезіянамі (акрамя аднаго года, калі была ў Бабруйску): у Ружаныстоку ў Польшчы, у Мінску, Рыме, Маскве, Адэсе і Смаргоні.
Звяртаючыся да дзяцей, моладзі, дарослых і пажылых людзей, с. Вераніка сказала: “Ад усяго сэрца дзякую вам, што ўчынілі гэты дзень такім радасным і яркім. Ваша прысутнасць зрабіла мяне шчаслівай і ўпрыгожыла маё свята. Дзякуй за гэта падоранае мне свята, за шчырыя віншаванні, добрыя пажаданні і цёплыя словы ў мой адрас, за ўсе падарункі, асабліва духоўныя, за цеплыню вашых сэрцаў, за вашу ўвагу, дабрыню і добразычлівасць да мяне.
Многія з вас адыгралі асаблівую ролю ў маім жыцці і цяпер займаеце сваё асаблівае месца ў маім сэрцы. Дзякую вам, што падтрымліваеце мяне, адорваеце ўсмешкай і прымаеце. Дзякую вам і буду шчаслівай, калі маё сённяшняе свята стане светлай старонкай і ў вашым жыцці”.
Сёстры салезіянкі
Фота: Эліна і Максім Бекетавы