Суботнім жнівеньскім вечарам у свята Перамянення Пана ўрачыстай працэсіяй па вуліцах старажытнага Дзятлава вернікі пранеслі да касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі копіі цудадзейных абразоў Маці Божай.
Копіі абразоў, якія здзяйсняюць перэгрынацыю, прыбылі з парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).
Прывітаўшы нябесную Матулю каля галоўнага ўваходу ў святыню, пробашч дзятлаўскай парафіі ксёндз Здзіслаў Пікула SDB падзякаваў арганізатарам перэгрынацыі за магчымасць аддаць пашану і хвалу Найсвяцейшай Апякунцы ў разнастайных вобразах, якія прадстаўлены на копіях ікон з санктуарыяў Маці Божай і розных святых месцаў нашай бацькаўшчыны. Таксама словы падзякі былі выказаны ў адрас мясцовай улады за дапамогу ў здзяйсненні іх урачыстай сустрэчы.
На свяце прысутнічалі і госці з суседніх парафій.
Святую Імшу разам з пробашчам парафіі цэлебраваў духоўны кіраўнік перэгрынацыі а. Станіслаў Станеўскі CSsR. Звяртаючыся да вернікаў, святар узгадаў гісторыю некаторых з абразоў нябеснай Маці. Ён адзначыў, што Марыя шанавалася ў нашай краіне спакон веку, да Яе звярталіся нашыя дзяды і прадзеды, стагоддзямі нашыя продкі прыходзілі ў святыню, каб Ёй пакланіцца, шукаць у Яе паратунку, прасіць дапамогі ў розных жыццёвых сітуацыях і праз Яе заступніцтва заўсёды атрымлівалі гэтую дапамогу згодна з Божай воляй.
Айцец Станіслаў дадаў, што на гэтых іконах прадстаўлена Марыя, якая трымае на руках найвялікшы дар, свайго Сына і нашага Збаўцу Езуса Хрыста. Святар звярнуў увагу, што Яна з’яўляецца найкарацейшым шляхам да Бога, заахвочвае быць паслухмянымі Яму і кожны дзень заўважаць Яго прысутнасць у нашым жыцці. Урачыстасць жа Перамянення Пана, калі Езус паказвае сваім вучням кавалачак Неба, кажа пра вяртанне ў дом Айца, якое чакае іх і кожнага з нас у Нябесным Валадарстве.
Для ўшанавання вернікамі копіі абразоў будуць знаходзіцца ў дзятлаўскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі па 19 жніўня. Штодня падчас набажэнстваў можна будзе пачуць кароткую гісторыю з’яўлення кожнага з гэтых абразоў на нашай зямлі.
Віктар Ведзень