30 ліпеня ў парафіі св. Казіміра ва Уселюбе (Навагрудскі дэканат) адбыўся другі хрысціянскі фестываль-рэкалекцыі Novafest, лейтматывам якога з’яўлялася цытата з Евангелля паводле Лукі: “Вы ж сведкі гэтага” (Лк 24, 48).
Госці фестывалю прыехалі з розных куткоў Беларусі, а таксама з Санкт-Пецярбурга. Праграма была вельмі насычаная. Арганізатары прапаноўвалі ўдзел у святой Імшы, Ружанцы, Вяночку да Божай Міласэрнасці, Крыжовым шляху, адарацыі. Традыцыйнай часткай фэсту з’яўляюцца канферэнцыі, якія ў гэтым годзе праводзіў кс. Яўгеній Шымановіч, і сведчанні людзей.
Людзі ехалі і ішлі на фестываль, каб адчуць блізкасць Бога, Дзевы Марыі, атрымаць новы духоўны досвед і панесці яго ў жыццё. Падчас рэгістрацыі, калі госці падавалі інтэнцыі на Імшу, высветлілася, што на фестывалі прысутнічаюць трое імяніннікаў і адна з іх – шматдзетная мама, якая ў дзень свайго нараджэння разам з мужам наведала Novafest.
Фестываль пачаўся ўрачыстай Імшой, якую ўзначаліў кс. Яўгеній Шымановіч, а гамілію прамовіў кс. Антоні Грэмза. У цэлебрацыі ўдзельнічалі пробашч уселюбскай парафіі кс. Віталій Цыбульскі і кс. Павел Беланос.
На фестывалі была прадстаўлена дзейнасць касцёльных рухаў: беларускага рэгіёну міжнароднага руху сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, “Апостальства салятынскай сям’і”, “Маці ў малітве”, дабрачыннага фонду “Адкрытыя сэрцы”. Удзельнікі руху “Легіён Марыі”, як і ў мінулым годзе, арганізавалі і правялі малітву на ружанцы.
Лейтматывам сёлетняга фестывалю былі слова з Евангелля “Вы ж сведкі гэтага” (Лк 24, 48). На канферэнцыях кс. Яўгена Шымановіча прагучала шмат глыбокіх думак, практычных парад на тэму, як сведчыць іншым пра Бога. Напрыклад, было адзначана, што варта звяртаць увагу на тое, наколькі проста і зразумела мы расказваем іншым пра асобу Хрыста, пра Бога ў Тройцы. Удзельнікам было прапанавана падумаць над пытаннямі: ці робім мы зразумелыя нам паняцці і словы зразумелымі для іншых і ці разумеюць іншыя тое, што мы кажам? Адзначалася, што заўсёды трэба прасіць у Бога мудрасці, каб Ён адкрываў нашы сэрцы і вусны для кожнага чалавека, якога пасылае ў наша жыццё.
Свае сэрцы і вусны змаглі адкрыць людзі, якіх Бог паклікаў даць сведчанне на сёлетнім фестывалі. Сярод іх былі прадстаўнікі рухаў: Генадзь і Алена Манчынскія з руху Equipes Notre-Dame, намеснік дырэктара ДФ “Адкрытыя сэрцы” Іван Пузанаў. Калі чалавек можа выйсці на сцэну і расказаць людзям пра дзейнасць Бога ў сваім жыцці, то такім чынам публічна вызнае сваю веру і са слязьмі радасці на вачах у чарговы раз сцвярджае сабе і іншым, што трывалым падмуркам яго жыцця стаў Хрыстус, які праз рукі клапатлівай Мамы, праз Яе сэрца вядзе кожнага да святасці.
Атмасферу, якая заахвочвае да малітвы і разваг, стваралі на фестывалі музычны гурт “Міхаэлькі” з Мінска (кіраўнік Анастасія Усніч) разам з Вольгай Хілько, гродзенскі гурт “Open” Душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі, гурт з Міра.
Спецыяльна для сёлетняга фестывалю ў парафіяльнай краме-музеі былі створаны тэматычныя экспазіцыі, прысвечаныя гісторыі ўселюбскага касцёла і аграгарадка Уселюб.
Таксама на фестывалі адбылося адкрыццё “Казіміраўскай пошты”. “Казіміраўская пошта” – адна з форм сведчання пра веру, пра Божую і чалавечую любоў, знаёмства з касцёлам ва Уселюбе. Пачынаючы з 30 ліпеня з парафіі св. Казіміра ва Уселюбе ў любы горад Беларусі і любую іншую краіну можна будзе выслаць паштоўку з выявай уселюбскага касцёла, уселюбскіх крыжоў, фігуры Маці Божай, сцэн з мінулагодняга фестывалю (аўтар фота Віктар Ведзень) і са слупком верша “Уселюб” паэтэсы і валанцёра фестывалю Алены Казловіч-Усцілоўскай.
Працуе пошта такім чынам:
1. У краме-музеі на тэрыторыі касцёла трэба набыць адну з паштовак.
2. Падпісаць яе сваім родным, блізкім, сябрам, знаёмым, святарам: “Я малюся за цябе ва Уселюбе”, “Я аддаю цябе ў рукі Пана і Дзевы Марыі”, “Малітоўнае прывітанне з Уселюба” і інш.
3. Запоўніць на паштоўцы палі “Каму” (імя, прозвішча, адрас), “Ад каго” (імя, прозвішча).
4. На адваротным баку паштоўкі знайсці нумар слупка верша “Уселюб”. Усяго ў вершы чатыры слупкі. Можна разаслаць сваім родным і сябрам паштоўкі з усімі чатырма слупкамі, а пасля таго, як яны іх атрымаюць, змогуць сазваніцца і сабраць са слупкоў верш. Гэта выдатная нагода пачуць адзін аднаго і адчуць увагу і любоў бліжняга.
5. Пакінуць паштоўку ў краме-музеі.
Паштоўка з Уселюба – знак увагі, любові і клопату, якім можна парадаваць бліжняга, а таксама нагода адкрыць для сябе Беларусь і Уселюб і дапамагчы ў гэтым іншым. Паштоўка можа стаць добрым прыкладам малодшаму пакаленню, вучачы адорваць людзей увагай і малітвай.
Першыя паштоўкі з цёплымі словамі малітоўнай падтрымкі ўжо паляцелі 30 ліпеня з фестывалю Novafest да сваіх адрасатаў.
Алена Казловіч
Фота: Віктар Ведзень