30 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) у другі раз у гісторыі адбыліся спаборніцтвы па аматарскім рыбалоўстве “Тракельскі спінінг” на азёрах Марыйнага саду.
У мерапрыемстве прыняў удзел арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў святую Імшу перад пачаткам спаборніцтваў.
У гаміліі іерарх нагадаў словы Евангелля пра цудоўны ўлоў рыбы: “Адплывіце на глыбіню і закіньце сеткі для ўлову”. Арцыбіскуп дадаў, што апостал Пётр і яго сябры былі прафесійнымі рыбакамі і добра ведалі, калі будзе ўлоў, таму засумняваліся ў наказе Езуса лавіць рыбу днём, калі горача, аднак паслухалі Яго. Пётр сказаў: “Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі”. Як патлумачыў арцыбіскуп Кандрусевіч, “на Тваё слова” азначае насуперак чалавечай логіцы зрабіць так, як кажа Езус. Стаўся цуд, яны злавілі шмат рыбы, і гэта значыць, што паслухмянасць Езусу ўзнагароджваецца.
Затым, працягваў арцыбіскуп, Езус кажа Пятру, што той будзе лавіць людзей, і гэтым вызначае яго місію абвяшчэння Божага слова з мэтай весці людзей да Бога.
Іерарх дадаў, што рыбалоўства вядомае спрадвеку, існуе некалькі відаў лоўлі рыбы. Таксама ён адзначыў, што ў хрысціянстве кожны від дзейнасці мае свайго нябеснага апекуна, апекуном рыбакоў з’яўляецца святы Зэнан, біскуп Вероны. У іканаграфіі яго прадстаўляюць з вудай і рыбай як “лаўца душаў”.
Арцыбіскуп падкрэсліў, што рыбалка вучыць чалавека цярплівасці і трываласці, рэлігійным цнотам, патрэбным для духоўнага ўдасканальвання. Ён дадаў, што на грэчаскай мове слова “рыба”, ІХТІС, – скарот слоў “Езус Хрыстус”. Таму, адзначыў ён, лоўля рыбы мае і духоўнае значэнне, яна павінна нагадваць пра нашага Збаўцу: “мы ловім рыбу, а Хрыстус ловіць нас, каб мы былі Яго паслядоўцамі і вызнаўцамі”.
“Безвыніковасць лоўлі рыбы Езус перамяніў у багаты ўлоў, таксама можа перамяніць і нашае бясплённае духоўнае жыццё ў жыццё, багатае Божай ласкай”, – сказаў іерарх.
Ён звярнуў увагу, што, як у рыбнай лоўлі важны момант, калі рыба бярэцца на кручок, так неабходна выкарыстаць і кожны момант жыцця для свайго духоўнага ўдасканальвання.
Арцыбіскуп выказаў падзяку кусташу тракельскага санктуарыя ксяндзу каноніку Юрыю Бяганскаму за клопат аб гэтай святыні і навакольнай тэрыторыі, якая стала месцам фізічнага і духоўнага адпачынку, своеасаблівым духоўным санаторыем. Ён пажадаў рыбаловам сумленнага спаборніцтва згодна з алімпійскім прынцыпам: “Галоўнае не перамога, а ўдзел”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі