21-22 ліпеня міністранты гродзенскай парафіі Святога Духа хадзілі ў паход на беразе ракі Каменка. З 27 па 29 ліпеня адбыўся паход моладзі гэтай парафіі.
Юнакі і дзяўчаты жылі ў “дзікіх” умовах: начавалі ў намётах, харчаваліся ежай, гатаванай на вогнішчы, рабілі водныя працэдуры ў рацэ.
З самага пачатку быў устаноўлены пэўны распарадак дня, каб сапраўды плённа правесці разам гэты час.
Кожны дзень пасля сняданку быў час працы: нарыхтоўка вады і дроў, гатаванне абеду. Пасля абеду звычайна быў адпачынак, далей па раскладзе збіраліся на гульні. Потым былі вячэра, адпачынак, а 23-й гадзіне маладыя людзі маліліся на ружанцы, звяртаючыся да Панны Марыі са сваімі інтэнцыямі. Пазней, седзячы каля вогнішча, распавядалі цікавыя гісторыі, дзяліліся ўражаннямі, атрыманымі за дзень.
Адпачынак на прыродзе быў вельмі добрай магчымасцю для моладзі ўмацаваць свае адносіны з Богам і бліжнім. Кожны з маладых людзей паспрабаваў не толькі правесці гэтыя дні без тэлефона, але і пабыць разам са сваімі братам і сястрой, дапамагаць ім, імкнучыся такім чынам да таго, каб жыць у святасці.
Кс. Андрэй Струкель