27 ліпеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць святога Юзафа і благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка ў лідскім мікрараёне Паўднёвы, дзе актыўна вядзецца будаўніцтва новага касцёла.
Парафія атрымала дзяржаўную рэгістрацыю ў 2017 годзе. Восенню мінулага года біскуп Гродзенскі асвяціў зямлю пад будаўніцтва новага касцёла, крыж, а таксама капліцу, якая з'яўляецца часовым месцам малітвы вернікаў новай парафіі.
Пробашч кс. доктар Віталій Сідорка азнаёміў іерарха з этапамі будаўніцтва касцёла, сцены якога паступова ўзводзяцца дзякуючы дапамозе Бога і матэрыяльнай падтрымцы парафіян і людзей добрай волі.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў пробашчу і ўсёй парафіяльнай супольнасці працягваць з Божай дапамогай гэтую справу, узводзячы святыню, так патрэбную вернікам Ліды.
Таксама іерарх падзякаваў пробашчу за духоўны клопат пра вернікаў, даручаных яму.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі