Skip to main content

Урачыстасць св. Ганны адзначылі з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча ў Міхалішках

mihaliczki 826 ліпеня ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Міхалішках (Астравецкі дэканат) адзначалася адпустовая ўрачыстасць у гонар святой Ганны, маці Панны Марыі.

Адпустовую Імшу цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што, хаця ў Новым Запавеце няма звестак пра святую Ганну, пра яе распавядаюць хрысціянская традыцыя і апокрыфы. Паводле іх, яе бацькамі былі нашчадкі каралеўскага роду Давіда. Яны былі беднымі ў матэрыяльным сэнсе, але багатымі ў сэнсе жыцця, згоднага з Божай воляй, адзначаліся цнатлівасцю і справядлівасцю. Ганна атрымала ад іх добрую духоўную фармацыю, якую паглыбіла праз служэнне ў Ерузалемскай святыні.

Яўхім, яе муж, таксама паходзіў з каралеўскага роду Давіда. Сваё сужэнства яны лічылі звязаным святым саюзам праз Бога, захоўвалі Яго закон, даходы дзялілі на тры часткі, з якіх адну ахвяроўвалі на ўтрыманне святыні, а другую аддавалі бедным.

З-за таго, што ў іх не было патомства, іх жыццё было поўнае цяжкіх перажыванняў, адзначыў арцыбіскуп. У культуры таго часу адсутнасць дзяцей лічылася Божай карай. Яўхім і Ганна маліліся аб ласцы мець патомства і абяцалі Богу, што дзіця будзе ахвяравана Яму, хаця з гадамі надзея памяншалася.

Аднойчы святар у Ерузалемскай святыні не дазволіў Яўхіму прынесці ахвяру Богу з-за адсутнасці ў патомства. Пасля гэтага Яўхім у пустыні 40 дзён і начэй маліўся і пасціўся, просячы Божай дапамогі. Ганна моцна перажывала адсутнасць мужа і пайшла ў сад, дзе аплаквала свой лёс. Ёй з’явіўся анёл, які прадказаў нараджэнне дзіцяці і вяртанне мужа. Яму таксама з’явіўся анёл, які сказаў, што Бог прыняў яго малітву і ў яго народзіцца дзяўчынка па імені Марыя, якая будзе аддана Богу і поўная Святога Духа. У іх сям’і сапраўды нарадзілася будучая Маці Збаўцы.

Арцыбіскуп дадаў, што культ св. Ганны ўзяў пачатак на Усходе ў IV стагоддзі. Яе імя азначае “ласка”, святая з’яўляецца апякункай сем’яў, у іканаграфіі найчасцей прадстаўляецца разам з Марыяй, перад імі Святое Пісанне.

mihaliczki 1

Іерарх распавёў, што Леанарда да Вінчы напісаў цікавы абраз святой Ганны, які называецца “Святая Ганна саматрэцяя”. На ім прадстаўлена Ганна з Марыяй і Немаўляткам Езусам. Назва “саматрэцяя” мае вялікае тэалагічнае значэнне: “найперш Езус, потым Марыя і трэцяя – Ганна”.

Па словах арцыбіскупа, святая падкрэслівае каштоўнасць сям’і як падмурку грамадства, заклікае не губляць надзеі і да канца даверыцца Богу, “Валадару гісторыі, які вырашае, што добра для чалавека, а ў адпаведны час выслухоўвае яго просьбы”. Яна, адзначыў іерарх, падкрэслівае таксама неабходнасць цаніць самы вялікі Божы дар – дар жыцця, што вельмі важна сёння, калі “цунамі абортаў вядзе да генацыду многіх народаў, асабліва ў развітых краінах”. “Гэты грэх Ірада ўсё больш распаўсюджваецца ў наш час, і хрысціяне павінны паставіць заслону гэтаму злу, якое пагражае існаванню чалавецтва”, – звярнуў увагу арцыбіскуп.

Таксама, дадаў ён, Ганна нагадвае пра выхаванне малодшага пакалення на духоўных каштоўнасцях, бо “сям’я павінна стаць першай школай хрысціянскага выхавання і нішто не заменіць яе”.

Іерарх заклікаў вернікаў берагчы сям’ю, каб яна стала радасцю і надзеяй грамадства, быць трывалымі ў малітве і згаджацца з Божай воляй, цаніць і бараніць Божы дар жыцця, клапаціцца пра належнае духоўнае выхаванне маладога пакалення.