26 ліпеня ў парафіі ў Варончы (Навагрудскі дэканат) адбылася традыцыйная адпустовая ўрачыстасць у гонар святой Ганны, маці Найсвяцейшай Панны Марыі.
Як паведамляе старонка ордэну паўлінаў у Беларусі pauliny.by, пад скляпеннямі старадаўняга касцёла сабраліся вернікі з навакольных мястэчак і вёсак, з далёкіх гарадоў і нават з замежжа.
Адметна, што ў гэты дзень ва ўрачыстасці бяруць удзел не толькі католікі, але і праваслаўныя.
Урачыстасць узначаліў кс. Андрэй Пышынскі, пробашч парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Казлоўшчыне (Дзятлаўскі дэканат). На адпусце прысутнічалі святары з суседніх парафіі – з Навагрудка, Наваельні, Раготна.
Гамілію прамовіў брат дыякан Сяргей Калюта OSPPE. Ён прадставіў сям’ю святых Яўхіма і Ганны як прыклад для сучасных сем’яў, а таксама нагадаў пра важную ролю, якую адыгрывае сям’я ў сённяшнім свеце.
Пасля ўрачыстай Імшы госці змаглі пачаставацца прысмакамі, з любоўю прыгатаванымі варанчанскімі парафіянкамі. Таксама ў гэты дзень адбываецца благаслаўленне аўтамабіляў, на якіх вернікі прыязджаюць на ўрачыстасць.