26 ліпеня парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Забалаці (Радунскі дэканат) адзначала адпустовую ўрачыстасць у гонар св. Ганны. Яе культ вельмі жывы ў парафіі.
Таксама ў гэты дзень парафіяне дзякавалі Богу за 210 гадоў з часу асвячэння свайго касцёла. Касцёл пабудаваны з цэглы ў 1803-1812 годзе на сродкі графа Людвіка Тышкевіча і яго жонкі Канстанцыі, пляменніцы апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Касцёл узведзены на месцы ранейшай драўлянай святыні 1601 года, у 1812 годзе асвячаны кс. канонікам Мацеем Мінейкам, з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму.
На юбілейнай урачыстасці сабраліся шматлікія парафіяне і госці. Прыбылі святары дэканату. Адпустовую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Перад пачаткам Эўхарыстыі іерарх асвяціў новы галоўны алтар, у якім змешчаны абраз Найсвяцейшай Тройцы, і два новыя бакавыя алтары, у адным з якіх знаходзіцца абраз Маці Божай Вастрабрамскай XVIII стагоддзя, а ў другім абраз святой Ганны пачатку XIX стагоддзя.
Усіх прысутных прывітаў пробашч кс. канонік Генрык Яблонскі. Ён адзначыў, што гэта дзень падзякі Пану за дабро і ласкі, атрыманыя вернікамі парафіі за ўсе гэтыя гады.
Святар дадаў, што гэта таксама дзень падзякі ўсім, хто сваімі малітвамі і ахвяраваннямі падтрымлівае парафію. У апошні час з іх падтрымкай удалося ўсталяваць у касцёле алтары; раней алтароў тут не было.
На Імшы біскуп Кашкевіч маліўся за ўсіх, хто стаяў ля пачаткаў будаўніцтва гэтага касцёла і хто сёння ўтварае парафіяльную сям’ю на чале з яе душпастырам.
Асаблівымі малітвамі іерарх агарнуў групу моладзі, якая ў гэты дзень прыступіла да сакрамэнту хрысціянскай сталасці.
У гаміліі віцэ-канцлер Гродзенскай курыі кс. канонік Антоні Грэмза казаў пра будаўніцтва сувязяў паміж пакаленнямі, прыклад чаго пакінула святая Ганна, апякунка парафіі. Святар заклікаў маладых людзей, якія прыступілі да канфірмацыі, захоўваць вялікі дар, якім з’яўляецца вера, і перадаць гэты скарб наступным пакаленням.
Пасля эўхарыстычнай працэсіі вакол касцёла біскуп выказаў падзяку ўсім прысутным за дар супольнай малітвы і заахвоціў трываць у веры і вернасці Хрысту. Таксама ён падзякаваў пробашчу за душпастырскую апеку над парафіяльнай супольнасцю і за клопат аб выглядзе святыні, якая захапляе сваім хараством тых, хто яе наведвае.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі