
Пад калядныя спевы хору “Cantate Domino” Яго Эксцэленцыя ва ўрачыстай працэсіі са святарамі паклаў фігурку Дзіцяткі Езуса ў асвечаныя яселькі. На Пастэрцы ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч прывітаў гасцей – прадстаўнікоў праваслаўнай, грэка-каталіцкай і лютэранскай Цэркваў.
- Сабраліся тут у гэтую прыгожую ноч, каб перажываць тую саму падзею, якая адбылася шмат гадоў таму ў Бэтлееме, - прамовіў падчас гаміліі ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. - Над зямлёй змрок зрабіўся святлом, таму што нарадзіўся Месія. Як і пастушкі, спяшаемся з дзіцячай прастатой і радасцю на сустрэчу з Панам. […] У глыбокай пакоры і задуменнасці адпраўляем урачыстую Эўхарыстыю ў гэтую найсвяцейшую ноч. Гэтая ноч для нас з’яўляецца святой, бо справы боскія так моцна перапляліся з людскімі. […] Адкрыем нашыя сэрцы на гэтае святло, не дазволім, каб яе агарнула цемень зла, граху, нянавісці, эгаізму або раўнадушша. Пан Бог, які ў Таямніцы Уцелаўлення дае нам сведчанне сваёй бясконцай любові да кожнага чалавека, няхай навучыць нас дзяліцца любоўю з іншым чалавекам. Памятаем, што кожны з нас, супрацоўнічаючы з Божай ласкай, у стане зрабіць свет лепшым, праз актыўныя адносіны любові, дабрыні, прабачэння і прымірэння.
Падчас св. урачыстай Імшы маліліся за хворых, самотных і церпячых, за ўзаемную любоў і згоду ў сем’ях, за памерлых блізкіх, за тое, каб вернікі напоўніліся радасцю Божага Нараджэння.
Напрыканцы св. Імшы ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да вернікаў з віншаваннямі на Божае Нараджэнне на польскай, беларускай, рускай і літоўскай мовах.
Пасля Літургіі ксёндз біскуп Аляксандр і святары дзяліліся аплаткай з прысутнымі на Пастэрцы вернікамі.
Набажэнства упрыгожваў сваімі каляднымі спевамі Хор “Cantate Domino”.