9 ліпеня першую святую Імшу ў межах насычанай праграмы сёлетніх адпустовых урачыстасцяў, якія пачаліся ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат), цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
У Эўхарыстыі прынялі ўдзел найперш члены малітоўнай групы апостальскага руху “Маргарытка”, a таксама іншых малітоўных груп і апостальскіх таварыстваў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіў увагу на закліку Езуса да няспыннай малітвы. Як адзначыў іерарх, можа здавацца, што такая малітва – немагчымае заданне, аднак Хрыстус з’яўляецца прыкладам таго, як належыць маліцца, і абвяргае сцвярджэнне, што малітва перашкаджае чалавеку ў рэалізацыі яго планаў, забірае каштоўны час, адрывае ад рэальнага жыцця.
Арцыбіскуп узгадаў словы св. Яна Віянэя, які казаў, што доўга моліцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, бо мае шмат чаго сказаць Хрысту, спытаць Яго і паслухаць, што Ён адкажа.
Як нагадаў іерарх, будучы Папа Бэнэдыкт XVI, кардынал Ёзэф Ратцынгер, са смуткам сцвярджаў, што сярод рознай і шматбаковай актыўнасці ў Касцёле назіраецца недахоп малітвы, дзякуючы якой мы аднаўляем свае духоўныя сілы, каб нашае жыццё прыносіла плён. Арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што Богу патрэбна наша актыўнасць, але і нам патрэбна Яго прысутнасць. Іерарх дадаў, што, як вучыць Павел VI, малітва – гэта подых Касцёла, сучасны свет адчувае недахоп духоўнага кіслароду і праз малітву трэба адчыніць доступ да яго, інакш мы задыхнёмся.
Ён адзначыў, што без малітвы нельга захаваць веру ў Бога, бо, як кажа лацінская прыказка, “Lex orandi, lex credendі” – “Як молішся, так і верыш”.
Па словах іерарха, супраць практыкі малітвы выступаюць секулярная спажывецкая культура, рацыяналістычныя тэндэнцыі, дух амаральнасці і іншыя з’явы, “усё больш праяўляецца так званая псіхалогія люстэрка, калі мы бачым толькі сябе, а не бліжняга і яго патрэбы”.
“Здаецца, усё выступае супраць малітвы, якую немагчыма вымераць ніякім паказальнікам прадукцыйнасці, – дадаў арцыбіскуп. – Аднак ад яе залежыць не толькі вечнае шчасце, але і духоўны клімат нашага жыцця, які выражаецца перш за ўсё ў сумленнасці, справядлівасці і любові да бліжняга”.
Іерарх падкрэсліў, што Марыя ўвайшла ў гісторыю збаўлення як жанчына малітвы. Яе маці, святая Ганна, у іканаграфіі прадстаўляецца з маленькай дзяўчынкай Марыяй перад Святым Пісаннем. Бацькі аддалі Марыю ў Ерузалемскую святыню, дзе на малітве Яна рыхтавалася да місіі Маці Збаўцы. На малітве арханёл Габрыэль звеставаў Ёй, што Бог выбраў Яе быць Маці Збаўцы. Падчас адведзін святой Альжбеты Марыя праспявала велічны гімн Magnificat – “Велічае душа мая Пана, бо вялікія рэчы ўчыніў мне”. На малітве Яна прабывала разам з апосталамі, якія чакалі Спаслання Святога Духа.
Арцыбіскуп заклікаў прадстаўнікоў малітоўных груп у харызмах сваіх заснавальнікаў паказаць у часы крызісу малітвы яе прыгажосць і неабходнасць.
Успомніў іерарх і славутага французскага фізіка Ампера. Адзін чалавек, убачыўшы яго, калі ён маліўся, спытаў: “Ці магчыма, каб такі славуты чалавек маліўся?” На гэта Ампер адказаў: “Я вялікі тады, калі малюся”.
Арцыбіскуп пажадаў удзельнікам літургіі стаць сапраўднымі прамоўтарамі малітвы, каб наша краіна ўспрымалася вялікай у вачах Бога і людзей.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі