Skip to main content

Як святкавалася Божае Нараджэнне ў Беларусі

Каля 100 экспанатаў было прадстаўлена на выставе “Каляды на Беларусі”, якая адкрылася 22 снежня ў Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі. Старыя паштоўкі, Евангеллі, ёлачныя цацкі, батлейкі з лялькамі, шопкі і іншыя рэчы распавядаюць пра традыцыю святкавання Божага Нараджэння на мясцовых землях.

На выставе можна даведацца пра гісторыю святога Мікалая, пра тое, як склалася традыцыя ўпрыгожвання ёлкі, пра шопкі і батлейкі на нашых землях.

- У гэтым годзе мы паказваем беларускія батлейкі, - распавяла Галіна Хамко, старэйшы навуковы супрацоўнік Гродзенскага музея гісторыі рэлігіі. - Нашая батлейка, у адрозненне ад нейкіх іншых, захавала сваю вельмі старажытную форму – гэта форма скрыні. У палякаў, напрыклад, яна набыла форму ці то баракальнага, ці то гатычнага касцёла. У гэтым годзе мы ўпершыню паказваем вельмі цікавыя скульптуры трох каралёў, якія зроблены ў Вільні ў 1930 годзе. Іх нам даў ксёндз Юзаф Макарчык. Наогул пачатак саміх шопак, якія мы бачым сёння ў касцёлах, паклаў заснавальнік супольнасці айцоў францішканаў св. Францішак Асізскі. У 1223 годзе ў Грэчыо каля Асізы ён пабудаваў шопку з жывымі істотамі – жывёламі, людзьмі, нейкі час у ёй нават ляжаў жывы дзіцёнак.

На выставе прысутнічае гродзенская шопка, зробленая гродзенскім майстрам Юрасём Мацко ў 2003 годзе.

Калядную выставу можна будзе глядзець да 6 лютага.